Ігар Лосік спыніў галадоўку



Палітвязень Ігар Лосік спыніў галадоўку, паведаміла БелаПАН яго жонка Дар’я Лосік. Стваральнік тэлеграм-канала „Беларусь галаўнога мозгу” Ігар Лосік галадаў у жодзінскай турме 42 дні, пратэстуючы супраць абвінавачванняў у свой адрас. У апошнія тыдні, паводле інфармацыі адваката, стан яго здароўя пагоршыўся: з’явіліся праблемы з артэрыяльным ціскам, шум у галаве.

25 студзеня праз адваката Лосік перадаў ліст, у якім патлумачыў сваё рашэнне спыніцца. „Я не прымаў ежу больш як сорак дзён і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўразіла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым”, — цытуе блогера ТК „Беларусь галаўнога мозгу”.

Лосік адзначае, што яму вядома пра тых, хто галадае разам з ім на волі. „Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасці, не хачу, каб за мой усвядомлены выбар пакутавалі іншыя. Чытаючы ўсе вашы просьбы ў лістах, я зразумеў, што проста не магу хваляваць і прымушаць хвалявацца сваю сям’ю і ўсіх вас”, — піша ён.

Паводле слоў Лосіка, галадоўка была вымушаным крокам. „У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці. Я хацеў проста спакойна жыць і гадаваць сваю дачку. Але мяне вымусілі пайсці на гэтую крайнюю меру. Мяне арыштавалі задоўга да выбараў, і я не ўяўляў, не ўсведамляў тых кардынальных змен, якія адбыліся за апошнія паўгода. З турмы гэта не так бачна. Я зразумеў, што магу на вас разлічваць, таму што ў вас усё атрымаецца. Цяпер я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Вам не чужыя спачуванне і салідарнасць, а ім пляваць на пакуты сотняў сем’яў, дзяцей, на чалавечыя жыцці. Вы не падведзяце. Цяпер такія часы, калі няма няправільных рашэнняў, ёсць учынкі”, — адзначае ён.

Блогер падзякаваў усім за падтрымку і дадаў, што сваім учынкам прыцягнуў увагу да становішча з палітычнымі зняволенымі ў краіне. „Цяпер пра нас усіх кажуць гучна і на ўсіх магчымых пляцоўках патрабуюць вызвалення нявінна арыштаваных і асуджаных. Гэта нямала. Спадзяюся, што са спыненнем маёй галадоўкі тэма палітычных зняволеных не сыдзе з грамадскага парадку дня. Яшчэ раз усім дзякуй за падтрымку і салідарнасць”, — напісаў ён.

Рашэнне Лосіка пракаментавала экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская: „Ігар Лосік спыніў галадоўку. Я падтрымліваю яго ў гэтым рашэнні і працягваю настойваць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў”.

Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года, прызнаны палітвязнем беларускімі праваабаронцамі. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўленае новае абвінавачанне — па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Блогер віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачанне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачанняў альбо змены яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень абвясціла аб бестэрміновай галадоўцы яго жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што з-за націску на сям’ю вымушана спыніць яе.

25 снежня стала вядома, што Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

20 студзеня тэлеграм-канал „Рупар БДМУ” паведаміў, што ў знак салідарнасці з сям’ёй Лосіка абвясцілі галадоўку студэнткі медуніверсітэта Маргарыта Трафімавіч і Элеанора Арзуманян. Дзяўчаты перакананыя, што палітвязень робіць памылку. Трафімовіч у каментары БелаПАН адзначыла, што як будучы доктар „лічыць здароўе і жыццё вышэйшай каштоўнасцю і вельмі хоча, каб у сям’і Лосіка быў бацька і муж”.

У той жа дзень стала вядома, што два святары Беларускай праваслаўнай царквы падалі ў галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарату Следчага камітэта хадайніцтва пра асабістую паруку ў дачыненні да Лосіка. Святары матывавалі свой крок спробай дапамагчы блогеру захаваць жыццё.

23 студзеня мінчане і жыхары іншых гарадоў краіны, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары за мяжой правялі акцыі ў падтрымку Лосіка з патрабаваннем вызвалення яго і астатніх палітвязняў.

belapan.by