Пра помсту старажытных грекаў
Што яны нясуць!? Кожны раз, калі чытаеш падобнае, думаеш, што гэта проста нехта прыдумаў. Можа, нейкая пародыя. Ну, не можа такое сказаць чалавек. А потым глядзіш, а сапраўды сказаў. Гэтым разам глыбокадумныя разважанні сыходзілі ад аднаго дэпутата Палаты прадстаўнікоў. На думку “народнага абранніка”, адмена чэмпіянату свету па хакеі – гэта помста… а цяпер, увага! Ніколі б не здагадаліся за што. Гэта, аказваецца, помста за перамогу ў Айчыннай вайне. А дакладней, было сказана, што гэта “помста нам, нашчадкам пераможцаў Айчыннай вайны, за тое, што нашы дзяды сцяг узнялі над Рэйхстагам”. Ага, усе толькі і думаюць, што б такога зрабіць, каб адпомсціць за перамогу ў Другой Сусветнай. І санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў увялі таксама, відаць, па гэтай прычыне. А яшчэ дэкларацыю правоў чалавек таксама прыдумалі, каб уладам Беларусі адпомсціць. І ў Старажытных Афінах таксама па гэтай жа прычыне ўвялі абмежаванне тэрміну знаходжання ў БулЕ – тагачаснай дзяржаўнай радзе – да двух тэрмінаў запар. Вось так глядзяць некаторыя на Старажытную Грэцыю і пытаюць, а чаму ў нас можна больш за два тэрміны знаходзіцца ва ўладзе. Хоць на двары 21 стагоддзе. Так што, маюць рацыю “дэпутаты”. Подлы Захад помсціць нашчадкам пераможцаў за сцягі над Рэйхстагам. А яшчэ нам помсцяць старажытныя грэкі, якія прыдумалі абмежаванне тэрміну кіравання. Хоць тады яшчэ і Рэйхстагу не было.