Гендырэктарам тэлеканала СТВ прызначаны Кірыл Казакоў
Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня ўзгадніў прызначэнне Кірыла Казакова генеральным дырэктарам ЗАТ „Сталічнае тэлебачанне” (тэлеканал СТВ), паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.
Да прызначэння, з чэрвеня 2020 года ён выконваў абавязкі дырэктара СТВ, пасля таго як папярэдні кіраўнік канала Ігар Луцкі стаў міністрам інфармацыі.
Луцкі кіраваў СТВ з 2018-га па пачатак чэрвеня 2020 года.
Пры прызначэнні Лукашэнка звярнуўся да Казакова: „Так здарылася, што я асабіста ўбачыў вас у справе. Канал вельмі падцягнуўся. Я, напрыклад, ужо амаль не бачу розніцы паміж СТВ і, як у нас прынята казаць, вядучымі каналамі. Хоць у вас таксама адзін з вядучых каналаў”.
Лукашэнка адзначыў, што на СТВ з’явілася шмат новых асоб, „талковых і патрыятычных”, у тым ліку моладзі, запусціліся новыя праекты. „Калектыў да вас добра ставіцца, — дадаў ён. — Таму вельмі хацелася б, каб у вас гэтая праца атрымалася”.
Кірыл Казакоў родам з Магілёва. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова (1997—2003), затым Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці „міжнародныя адносіны” (2008—2010). Падчас вучобы ў МДУ імя Куляшова працаваў у тэлерадыёкампаніі „Магілёў” рэпарцёрам (1998—2001). У 2001 годзе стаў спецыяльным карэспандэнтам Белтэлерадыёкампаніі па Магілёўскай вобласці.
Праз год пераехаў у Менск і пачаў працаваць у Белтэлерадыёкампаніі ў праграме „Зона Х” рэпарцёрам. У 2003 годзе ўзначаліў аддзел крымінальных навін Агенцтва тэленавін Першага нацыянальнага тэлеканала і стаў кіраўніком праграмы „Зона Х”.
У 2011 годзе ўзначаліў спадарожнікавы тэлеканал „Беларусь-ТВ”, які ўваходзіць у склад Белтэлерадыёкампаніі.
У 2012 годзе вярнуўся ў Агенцтва тэленавін у якасці галоўнага дырэктара структуры. У 2015 годзе стаў генеральным прадзюсарам Белтэлерадыёкампаніі, затым быў прызначаны намеснікам дырэктара канала СТВ.