У Берасцейскай вобласці створаць прадуктова-рамесны кластар
У Берасцейскай вобласці па праекце «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» рэалізуюць ініцыятыву «Кластарная мадэль “Наваколле”: ствараем і прасоўвае натуральную і крафтавую прадукцыю», паведамілі на сайце Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы».
Галоўная ідэя ініцыятывы — павысіць канкурэнтаздольнасць малога бізнесу ў сферы фермерства і рамесніцтва праз пабудову мадэлі кластарнага партнёрства. Кластар аб’яднае рамеснікаў і вытворцаў прадуктаў харчавання, а таксама аграсядзібы, якія вырабляюць або выкарыстоўваюць іх у сваёй працы.
Плануецца правядзенне трэнінгаў і вэбінараў, дзе ўдзельнікі змогуць развіць свае прадпрымальніцкія навыкі. Таксама для адбору ўдзельнікаў кластара будуць распрацаваны спецыяльныя крытэрыі. Прадстаўнікі малога бізнэсу атрымаюць магчымасць прадаваць свае тавары на розных пляцоўках. Таксама яны змогуць прадставіць кластар і сваю прадукцыю на буйных кірмашах.
У якасці пілотнай тэрыторыі былі абраныя Кобрынскі і шэсць прылеглых да яго раёнаў (Маларыцкі, Жабінкаўскі, Пружанскі, Беразоўскі, Драгічынскі, Камянецкі). Першая сустрэча пройдзе 27 студзеня ў аграсядзібе «Студзінка» ў вёсцы Гірск.
Мяркуецца, што ў выніку рэалізацыі ініцыятывы будзе сфармавана сетка аднадумцаў, якія змогуць разам працаваць над брэндам «Наваколле» і прасоўваць прадукцыю рэгіёну.
Ініцыятыву «Наваколле» фінансуе Еўразвяз і рэалізуе Праграма развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Беларусі.
Фота: gastinia.by