Пра новае амплуа дзяржаўных прафсаюзаў



Аказваецца, афіцыйныя дзяржаўныя прафсаюзы могуць не толькі бясплатныя пуцёўкі раздаваць. Мы ўжо думалі, што яны зусім перакфаліфікаваліся ў своеасаблівыя турфірмы, але не. Аказваецца, і яны могуць нейкія заявы рассылаць. Заявы гэтыя, што праўда, датычаць не звольненых за страйк рабочых. Хутчэй зямляне на Марс паляцяць, чым дзяржаўныя прафсаюзы Беларусі будуць абараняць сваіх рабочых. Дзяржаўныя прафсаюзы звярнуліся да Міжнароднай арганізацыі працы, бо санкцыі Еўразвяза нібыта абмяжоўваюць правы рабочых. То бок пасля пратэстных акцый рабочых збівалі, катавалі, затрымлівалі і звальнялі, дзяржаўныя прафсаюзы маўчалі, нібыта вады ў рот набраўшы. Нават ніводнага слова абурэння ад іх не прагучала, ніхто з іх не сказаў пра абмежаванне правоў рабочых. А як толькі санкцыі ўвялі, дык адразу ўзгадалі выраз “правы рабочых”. І не проста ўзгадалі. Як паведамляюць інтэрнэт-карыстальнікі, рабочых прымушаюць падпісваць гэты калектыўны зварот да Міжнароднай арганізацыі працы. Хаця чаго мы чакалі. Паводле даўніх савецкіх традыцый, правы працоўных абараняюцца пад прымусам. Кшалту, калі вы не будзеце сябе абараняць, то мы вас звольнім. Лепей бы дзяржаўныя прафсаюзы раздавалі ўжо пуцёўкі ў санаторыі. Грамадству ад гэтага было б болей карысці.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ