Праваабаронцу Леаніду Судаленку прад’явілі абвінавачванне
28 студзеня стала вядома, што праваабаронцу, старшыні Гомельскай філіі Праваабарончага цэнтра „Вясна” Леаніду Судаленку прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці). Ён застаецца пад вартай у СІЗА-3 у Гомелі.
Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня па дарозе на офіс. Яго адвезлі на допыт у Следчы камітэт, куды яго адвакат змог патрапіць толькі бліжэй да вечара. Затым яго змясцілі ў ізалятар, а праз некалькі дзён перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Судаленку палітычным зняволеным.
За два тыдні да затрымання Судаленкі ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палескай, 52, дзе знаходзіцца офіс „Гомельскай вясны”, прайшоў ператрус, падчас якога былі вынятыя дакументы, якія тычацца дзейнасці праваабаронцы (пастановы судоў, абскарджванні).
Увечары 18 студзня была затрымана таксама валанцёрка „Вясны” Марыя Тарасенка, якая дапамагала Леаніду Судаленку. Яе вызвалілі праз трое сутак пасля затрымання. А 21 студзеня ў менскім аэрапорце затрымалі валанцёрку „Вясны” з Рэчыцы Таццяну Ласіцу, якая таксама дапамага Леаніду Судаленку. Яе змясцілі пад варту ў гомельскі СІЗА.