Вячаслаў Касінераў: У нашых спісах 330 палітзняволеных



Не ўсе, з ліку сваякоў зняволеных, лічаць справядлівымі крытэрыі абвяшчэння вязня палітычным, нягледзячы на тое, што чалавек, мажліва, адстойваў свае перакананні. Нават па афіцыйных звестках праваабарончых арганізацый, у Беларусі было заведзена каля 1000 крымінальных справаў, датычных да падзеяў на пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Вязняў жа, прызнаных палітычнымі тытульнымі праваабаронцамі, каля 200 чалавек. Што праўда, у некаторых ініцыятывах крытэрыі падліку іншыя і выніковыя лічбы адрозніваюцца.

РР: Сёння мы пагаворым з Вячаславам Касінеравым пра ягоную праваабарончую ініцыятыву dissidentby.com 

Вячаслаў Касінераў: Найперш хачу сказаць, што мы не толькі вядзём нейкую статыстыку, то бок мы не проста ініцыятыва, якая выключна збірае інфармацыю. Мы ўжо больш за два гады непасрэдна дапамагаем, бо мы ўсё ж такі людзі дзеяння. Дапамагаем людзям, якія трапляюць пад палітычны пераслед, трапляюць у турмы. Раней мы самі насілі перадачы. Мы афармляем падпіску на часопісы, мы пішам паштоўкі, мы кладзём грошы на “таварку”.  Зараз, калі мы не прысутнічаем у Беларусі, у нас ёсць шэраг валанцёраў, якія на месцы гатовы дапамагаць людзям збіраць гэтыя ж самыя перадачы. На жаль, мы пакуль не можам падтрымліваць людзей у межах адвакатуры. Бо гэта ўсё ж такі патрабуе грошай, якія звычайна могуць прадставіць нейкія фундацыі, ці праз нейкія праекты можна атрымаць. Мы існуем проста на зборы, на тое, што нам людзі скідаюць, і за тое, што мы самі можам выдзеліць з кампаніі.

РР: Па дадзеных праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Беларусі каля 200 палітвязняў. Якая лічба ў вас?

Вячаслаў Касінераў: У нашых спісах зараз больш за 330 чалавек. І перш за ўсё трэба сказаць, што гэта думка наша не прыватная, гэта не проста мы так прыдумалі, селі і вырашылі. Мы залезлі ў гэтую тэму калісьці даўно, на самым пачатку нашай кампаніі. І вызначылася, што, на жаль, большая частка ўсіх кейсаў, якія прызнаюцца палітычнымі, тытульнымі арганізацыямі – гэта кейсы, якія праходзяць па крытэры “вязні сумлення”. “Вязні сумлення” – гэта такі крытэр, які характарызуецца тым, што чалавек выключна за свае погляды, або за нейкую мірную дзейнасць падвяргаецца пераследу, падвяргаецца зняволенню. Па крытэрах палітзняволеных, па крытэрах ПАСЭ – яны значна больш шырокія. Гэтыя крытэры беларускія праваабарончыя арганізацыя таксама зацвярджалі на сваіх пасяджэннях. І менавіта па гэтых крытэрах ПАСЭ чалавек можа быць прызнаны палітзняволеным, афіцыйна, на міжнародным узроўні, калі ён абараняў сябе ад злачынных дзеянняў. І без розніцы, ці гэта былі сілавікі ў форме, без формы. Больш за тое, чалавек мае права не толькі абараняць сябе, а ён мае права ад злачынных, гвалтоўных, супрацьзаконных дзеянняў абараняць і іншых. І гэта нармалёва. І калі чалавек нават фізічную сілу прымяняе, каб абараніць свае законныя правы і правы іншых грамадзянаў, ён таксама мае права на падтрымку міжнароднай супольнасці як палітвязень, як чалавек, які пацярпеў менавіта за палітычны пераслед.

Цалкам размова ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя