Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую асудзілі да 7-мі сутак арышту



Суддзя райсуду Кастрычніцкага раёну Міхаіл Зубеня прызнаў, што 55-гадовая стваральніца відэаблога “Настоящая Беларусь“ узяла ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Падставай для абвінавачання стаў стрым, які блогерка вяла падчас сяброўскай каляднай вечарыны, што прайшла 8-га студзеня ў прыватнай кавярні ў вёсцы Лучынаўка. Паводле міліцэйскага пратаколу, старшыня  тамтэйшага Варонаўскага сельскага выканкама Юрый Восіпаў убачыў у інтэрнэце  відэаролік і пазнаў краявіды, на фоне якіх стяць людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Пасля ягонай заявы міліцыянты пачалі шукаць удзельнікаў. Паколькі Алена Янушкоўская  вяла прамую трансляцыю,  яе пазналі і затрымалі адной з першых, распавяла дачка блогеркі Юлія Уласенка:

– Маме суддзя Зубеня прысудзіў 7 сутак, затрымалі яе яшчэ 27-га. Сёння адразу пасля суду я паехала ў ІЧУ, павезла перадачу. Але перадачу не прынялі, лекі таксама не прынялі. Буду тэлефанаваць, ці возьмуць заўтра, бо звычайна па выходных перадачы не прымаюць.

Алена Янушкоўская мае 3-ю групу інваліднасці, пакутуе на астму, а яе на некалькі дзён пакінулі без лекаў. На волю яна мае выйсці толькі  2-га лютага. Дачку блогеркі Юлію Уласенку нібыта за ўдзел у тым самым пікеце 8-га студзеня суд аштрафаваў на 40 базавых велічынь (1160 рублёў). Актывіста Аляксандра Ільінца, якога міліцыянты пазналі па відэа, суд пакараў арыштам на чацвёра сутак.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск