У Віцебску ловяць “партызанаў”. Затрымалі  больш за 10 чалавек



Віцебскай міліцыі даўно не давала спакою дзейнасць невядомых, якія ладзілі ў горадзе “партызанскія” акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Увечары 27-га студзеня міліцыянты Першамайскага РАУС затрымалі і прывезлі ў пастарунак Алену Жыхарскую, Святлану Скакун, Ніну Скрыпец, Ганну Куліеву, Аляксея Санько, Алега Рубіна, Юрыя Міхейцава, Дзмітрыя Карняенку і Андрэя Кулакова – вынаходніка “Жывемабіля”.

Сябры і родныя ўжо два дні чакаюць, калі затрыманых будуць судзіць або адпусцяць. Даведацца, у чым канкрэтна вінавацяць затрыманых, не могуць нават адвакаты, кажа праваабаронца Ірына Траццякова:

– У Віцебску такое затрыманне масавае ўпершыню – не лічачы жнівеньскіх падзеяў. Але матэрыялы справаў у судах не з’явіліся. Адвакаты не змаглі пазнаёміцца са справамі – ім адмовілі па нейкіх надуманых прычынах.  Апрача людзей, арыштавалі яшчэ і машыну: транспартны сродак знаходзіцца на тэрыторыі Першамайскага РАУС.

Паводле звестак праваабаронцы, затрыманыя 27-га студзеня амаль суткі знаходзіліся ў РАУС без ежы  і магчымасці спаць, і гэта Ірына Траццякова расцэньвае як катаванні.  Вядома таксама, што ў пастарунку  адну з затрыманых, маці чацвярых дзяцей Ганну Куліеву знялі на відэа, дзе яна прызнаецца ў “партызанскай дзейнасці” – распавядае, што група людзей фатаграфавалася з бел-чырвона-белымі сцягамі ў розных раёнах горада, і што яна шкадуе пра свае ўчынкі. Тым часам міліцыя працягвае пошукі “партызанаў”, затрыманні працягваюцца, і за кратамі за апошнія двое сутак апынуліся не меньш як 12 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск