Дэфіцыт бюджэту Беларусі летась амаль удвая перавысіў запланаваны



Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту па выніках мінулага года склаўся ў памеры 1,9 млрд рублёў, што амаль удвая больш, чым было першапачаткова запланавана законам аб бюджэце на 2020 год (995 млн рублёў).

Паводле інфармацыі Міністэрства фінансаў, даходы бюджэту ў 2020 годзе склалі 23,7 млрд рублёў, або 101,4% удакладненага гадавога плана.

Паступленне ПДК склала 12,5 млрд рублёў, або 100,3%. Падатку на прыбытак паступіла 2,8 млрд рублёў, або 102,3%. Акцызы паступілі ў суме 3,1 млрд рублёў, або 101,8%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 4,1 млрд рублёў, або 105,5%.

Па стане на 1 студзеня 2021 года запазычанасць па падатках і зборах склала 128,7 млн рублёў.

Расходы рэспубліканскага бюджэту склалі 25,6 млрд рублёў, або 97% удакладненага гадавога плана.

На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 12,1 млрд рублёў (95,9%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 5,3 млрд рублёў (95,9%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 17,9 млрд рублёў (98,7%).

Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 17,1 млрд рублёў, або 99,5% зацверджанага гадавога плана, расходы фонду склалі 16,9 млрд рублёў, або 97,5%. Прафіцыт бюджэту ФСАН склаў 0,2 млрд рублёў.

Варта адзначыць, што закон аб бюджэце на 2020 год упершыню за многія гады прадугледжваў яго дэфіцыт: даходы прагназаваліся на ўзроўні 24,4 млрд рублёў, расходы — 25,4 млрд. Дэфіцыт першапачаткова ацэньваўся ў 995 млн рублёў.

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 30 снежня № 507 былі ўдакладненыя паказчыкі рэспубліканскага бюджэту на 2020 год: даходы скарочаныя амаль на 2,2 млрд рублёў, расходы —амаль на 1,4 млрд. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту быў павялічаны на 800 млн, гэта значыць выніковая сума — прыкладна 1,8 млрд рублёў.

belapan.by