Пракуратура патрабуе перагледзець справы за “пікет у лесе”



13-га студзеня ў Шпілёўскім лесе пад Віцебскам міліцыя затрымала шасцярых жынчын, якія выйшлі займацца скандынаўскай хадой. “Майстар-клас” паказвала Таццяна Севярынец, і  на ўсіх затрыманых ў аддзеле міліцыі Першамайскага раёну склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне. 19-га і 20-га студзеня пяцярых жанчын судзілі. У судах Кастрычніцкага раёну (суддзя Уладзімір Царыкаў) і Першамайскага раёну (суддзя Вераніка Барысава) адміністрацыйныя справы скасавалі праз адсутнасць доказаў правапарушэння.

Аднак  у гарадской пракуратуры вырашылі, што гэтыя  рашэнні  трэба адмяніць – прынамсі, датычна двух чалавек, распавяла Таццяна Севярынец:

– Патэлефанавалі з Першамайскага суду: “Таццяна Яўгенаўна, ці маглі б вы пад’ехаць, пазнаёміцца – прыйшло прадпісанне пракурора  справу перагледзець, вашу і Алены Касновай. Кажу, добра, у панядзелак зранку я прыйду, зірну, сфатаграфую, што там такое. Пытаюся: “А як прозвішча таго клапатлівага пракурора?”. Сказалі, Дубаў.

Пакуль няма звестак, ці  прыйшло падобнае спавяшчэнне  пракуратуры ў суд Кастрычніцкага раёну, дзе судзілі яшчэ трох удзельніц так званага “пікета ў лесе” – Людмілу Камінскую, Людмілу Валадкевіч і Раісу Кухто. Суду над Тамарай Ільіной дагэтуль не было: 66-гадовая пенсіянерка трапіла ў кардыялагічны шпіталь пасля таго, як  жанчын, палова з якіх ужо сталага веку,  амаль 8 гадзін трымалі ў міліцыі без ежы і магчымасці прыняць лекі. 

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск