Агляд прэсы: культурныя сувязі
Буйныя медыя Ізраіля сочаць за тым, хто ж набудзе сінагогу сям’і Шагалаў у Віцебску. Што рабіць, калі кожны турыст падчас пандэміі ўяўляе сабой пагрозу для цэлай краіны?
Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:
-Ізраільская газета The Times of Israel адзначае, што рэшткі сінагогі ў Беларусі, дзе малілася сям’я мастака Марка Шагала, прадаюцца ўсім, хто жадае аднавіць будынак. Гарадскія ўлады Віцебска просяць выключна сімвалічную плату толькі за зношаныя знешнія сцены былой Вялікай сінагогі Любавіч.
Вялікая сінагога Любавіч у Віцебску калісьці была адной з 60 сінагог у горадзе, дзе палова жыхароў да Халакоста была габрэямі. Хацкл, Фейга-Ітэ Шагал і іх дзевяць дзяцей, у тым ліку Марк, былі заўсёднікамі гэтай сінагогі.
«Шагал, мастак-кубіст, вядомы тым, што спалучаў мноства габрэйскіх сімвалаў у маляўнічых творах, якія паказваюць падобныя на мроі сцэны, з’ехаў з Віцебска ў Францыю, дзе працаваў да іміграцыі ў ЗША, каб пазбегнуць пераследу нацыстаў,» – падкрэслівае ізраільскае выданне і працягвае сачыць, хто ж стане новым уладальнікам будынку.
* * *
Штодзённая брытанская газета The Independent запэўнівае: «можа здацца, што СССР вярнуўся, але Расея крута змянілася ў параўнанні з 1980-мі». Бягучая міжнародная абстаноўка многім нагадвае паўтарэнне пройдзенага ў 1980-х гадах. Але гэта не так. Лічыць, што СССР можа вярнуцца, – гістарычная памылка, упэўненая аўтар артыкула Мэры Дэжэўскі.
Як і ў 1980-х, паміж ЗША і Еўропай наспеў раскол наконт таго, як паводзіць сябе з Расеяй. Джо Байдэн прытрымліваецца жорсткай лініі. Жазэп Барэль заявіў, што яго запланаваная на люты паездка ў Расею адбудзецца, нягледзячы на арышт Навальнага. І не дзіва, бо сыход Вялікабрытаніі пазбавіў Усходнюю і Цэнтральную Еўропу надзейнага саюзніка супраць Расеі.
«Шанцы Навальнага скінуць цяперашні парадак у Расеі не варта перабольшваць. Ён ўстойлівей, чым можа здацца, і Навальны – магчыма, не той, хто зможа дамагчыся пераменаў. Але натоўп, які ён змог сабраць у мінулыя выхадныя па ўсёй Расеі, і яго папулярнасць сярод падрастаючага, першага цалкам постсавецкага пакалення павінны прымусіць Крэмль задумацца – магчыма, гэта прадвеснікі новай Расеі», – лічыць брытанскае выданне са спадзевам на ўнутраную трансфармацыю расейскага рэжыму.
* * *
Арабскае выданне Al-Ain аналізуе, як змены клімату ўдарылі па рынку нерухомасці. Аўтар матэрыялу Мухамад Алі прыводзіць меркаванне экспертаў, што гарады павінны рыхтавацца да надзвычайных сітуацый, якія будуць адбывацца з-за кліматычных зменаў. Так, напрыклад, Сінгапур запусціў праект, мэтай якога з’яўляецца 10-гадовая падрыхтоўка краіны да найгоршага сцэнару глабальнага пацяплення.
«Інвестыцыйныя кампаніі ў сферы нерухомасці па ўсім свеце пачалі ўлічваць маштаб змяненняў, якія выклікаюць ураганы, засухі, паводкі, лясныя пажары і апоўзні. Прынамсі, нерухомасць на берагавой лініі зараз прадаецца па цане на 7% ніжэй, у параўнанні з аналагічнай нерухомасцю ў больш ахоўваемых ад затапленняў прыбярэжных раёнах», – адзначае арабскае выданне.
* * *
На фоне хуткага распаўсюджвання новых штамаў вірусу з Вялікабрытаніі і Паўднёвай Афрыкі перад урадамі ўстае вельмі няпростая дылема. Улады Еўразвязу пакуль што не маюць намер закрываць межы, у адрозненне ад першай хвалі пандэміі. Тым не менш, многія краіны самастойна праводзяць строгі памежны кантроль, забараняюць авіяпералёты і ўводзяць новыя правілы карантыну. СМІ абмяркоўваюць новыя правілы бяспекі для падарожных і турыстаў.
Ірландская газета The Irish Times заклікае прыгледзецца да досведу Аўстраліі і арганізаваць сур’ёзную сістэму праходжання каранціну для падарожнікаў: «Гэтая краіна можа паслужыць прыкладам для ірландскага ўраду. Бо можна было б разам з Паўночнай Ірландыяй і Злучаным Каралеўствам распрацаваць агульную сістэму, якая адэкватна рэагуе на змену сітуацыі. Удалы прыклад Аўстраліі заснаваны на аналізе дадзеных і добра развітой сістэме аховы здароўя. Ірландскі ўрад гадамі вылучаў занадта мала сродкаў, каб дзяржаўная сістэма аховы здароўя дала сапраўдны станоўчы эфект на ўсю краіну».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Тут.бай