Праваабаронца Таццяна Ласіца прызнаная палітзняволенай
Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі палітзняволенай праваабаронцу і валанцёрку праваабарончага цэнтра „Вясна” Таццяну Ласіцу.
Яна з’яўляецца падазраванай па крымінальнай справе. Таццяну падазраюць «у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Правабаронца накіраваная ў СІЗА Гомеля.
Гэта не першы выпадак затрымання праваабаронцаў гомельскага абласнога аддзялення ПЦ „Вясна”. 18 студзеня быў затрыманы і ўзяты пад варту Леанід Судаленка, тады ж была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёр гомельскага аддзялення „Вясны” Марыя Тарасенка, праз трое сутак яе вызвалілі. Дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатар валанцёрскай службы ПЦ „Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр „Вясны” Андрэй Чапюк, іншыя праваабаронцы зведалі адміністрацыйны пераслед.
На 30 студзеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 220 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: naviny.media