Знешнегандлёвы тавараабарот Беларусі ў 2020 годзе скараціўся амаль на 15%
Знешнегандлёвы тавараабарот Беларусі за 2020 год склаў 61 млрд 659,3 млн даляраў. Да 2019 годзе ён скараціўся ў бягучых цэнах на 14,9%, вынікае з дадзеных Белстата.
Экспарт тавараў склаў 29 млрд 40,5 млн даляраў (-11,9%), імпарт — 32 млрд 618,8 млн даляраў (-17,4%).
Адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі за 2020 год склала 3 млрд 578,3 млн даляраў ЗША. Па выніках 2019 года сальда таксама было адмоўным — 6 млрд 521,6 млн даляраў.
Знешнегандлёвы абарот з краінамі ЕАЭС за 2020 год склаў 30 млрд 524,7 млн даляраў, што на 17% менш, чым за 2019 год. Экспарт тавараў знізіўся на 3,9% да 14 млрд 3,4 млн, імпарт — на 25,6% да 16 млрд 521,3 млн даляраў. У гандлі з гэтымі краінамі сальда было адмоўным у 2 млрд 517,9 млн даляраў (у 2019 годзе — мінус 7 млрд 635,4 млн).
Тавараабарот з Расеяй, паводле звестак Белстата, за 12 месяцаў 2020 года склаў 29 млрд 519,4 млн даляраў (памяншэнне да ўзроўню 2019 года на 17,3%). Экспарт тавараў склаў 13 млрд 132,2 млн долараў (-4%), імпарт — 16 млрд 387,2 млн (-25,6%). Адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй — 3 млрд 255 млн даляраў (у 2019 годзе — мінус 8 млрд 330,6 млн).
У краіны па-за СНД экспарт за мінулы год знізіўся на 17,5% да 11 млрд 197,6 млн даляраў, імпарт — на 7,1% да 14 млрд 321,9 млн. У цэлым тавараабарот скараціўся на 12% да 25 млрд 519,5 млн даляраў, а адмоўнае сальда склала 3 млрд 124,3 млн супраць адмоўнага ў 1 млрд 837 млн у 2019 годзе.
Знешнегандлёвы абарот з краінамі Еўразвяза за 2020 год склаў 11 млрд 935,7 млн даляраў, зменшыўшыся да 2019 года на 9,2%. Экспарт склаў 5 млрд 458,9 млн даляраў (-10,2%), імпарт — 6 млрд 476,8 млн (-8,3%). Адмоўнае сальда склала 1 млрд 17,9 млн долараў (у 2019-м — мінус 983,7 млн даляраў).
Зніжэнне тавараабароту — следства падзення канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі перш за ўсё на рынку Расеі, што звязана з цэнавымі ўмовамі і падатковай сістэмай, заявіў раней у каментары БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук. „Адбіліся і абмежаванні, выкліканыя каранавірусам. Тавары традыцыйнага беларускага экспарту не знаходзяць такога попыту, як раней. Найбольшае „прасяданне” мы маем па нафтапрадуктах, а замяніць іх няма чым, адсюль падзенне і імпарту, таму што мы сталі менш купляць нафты, акрамя таго што ў пачатку года быў нафтавы канфлікт з Расеяй”, — адзначыў эксперт.
„Няма структурных змяненняў у эканоміцы, таму няма і новых крыніц экспарту. У канцы лета пачаўся сур’ёзны наезд на IT-галіну, таму можна чакаць істотнага скарачэння экспарту камп’ютарных паслуг. Варыянтаў замены гэтага артыкула экспарту не будзе”, — лічыць ён.
Раманчук таксама адзначыў, што на знешнія ўмовы гандлю ўплывае палітычны крызіс, які прыкметна знізіў давер да фінансавых інструментаў запазычання, спыненыя перамовы аб лібералізацыі гандлю. „Ва ўмовах другой хвалі каранавіруса яшчэ і палітычныя рызыкі пагаршаюць становішча экспарцёраў і абцяжарваюць працу на знешніх рынках”, — падсумаваў эксперт.