Журналістку Кацярыну Андрэеву этапавалі з Жодзіна ў Менск



Журналістку тэлеканала „Белсат” Кацярыну Андрэеву этапавалі з Жодзіна ў Менск, паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімір Сазанчук.

Цяпер Кацярына павінна знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

9 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Менска прызначаны разгляд справы карэспандэнтаў „Белсата” Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Працэс пачнецца а 10-й гадзіне пад старшынствам суддзі Наталлі Бугук.

Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля прамога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на „плошчы Перамен” у Менску (двор на вуліцы Чарвякова). Абодвум было выстаўленае абвінавачанне на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Журналісткам таксама ставіцца ў віну нанясенне шкоды „Менсктрансу” на 11.562 рублі 14 капеек. Нібыта ў выніку іх дзеянняў была парушаная праца грамадскага транспарту: 13 аўтобусных, трох тралейбусных і трох трамвайных маршрутаў. Мера стрымання — утрыманне пад вартай.

Беларускія праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі.

belapan.by