Гарадзенскія „Казюкі” прайшлі без польскіх рамеснікаў
Польская дэлегацыя рамеснікаў не даехала да Гародні, дзе павінна была прыняць удзел у фестывалі-кірмашы „Казюкі-2015».
Сотні народных умельцаў з Беларусі і Украіны сабраліся на вуліцы Савецкай у Гародні, дзе прайшоў традыцыйная кірмаш. Нягледзячы на тое, што палякі ўжо даўно сталі пастаяннымі ўдзельнікамі свята, на гэты раз упершыню за доўгія гады кірмаш прайшоў без іх. Прычына ў тым, што 6 чалавек не змаглі прайсці мытню, паведамляе «Блог Гродна s13».
Атрымаўшы афіцыйнае запрашэнне на кірмаш з Гарадзенскага гарвыканкама, а пазней і візы, сабраўшы свае вырабы, рамеснікі не заехалі на тэрыторыю Беларусі з той прычыны, што супрацоўнікі мытні палічылі іх паездку візітам на выставу. Гэта значыць, што колькасць увезеных вырабаў павінна раўняцца колькасці вывезеных. Сэнсу працягваць паездку ў польскай дэлегацыі ў гэтым выпадку ўжо не было.
Кірмаш «Казюкі» праводзіцца ў Гародні штогод у памяць аб святым заступніку моладзі, майстроў і рамеснікаў – святым Казіміры. Ён быў унукам Ягайлы і сынам кіраўніка Літвы і Польшчы Казіміра IV. Малады княжыч з роду Ягелонаў пражыў нядоўгае жыццё. Ён памёр у 1484 годзе, яго астанкі з Гародні перавезены ў Вільню. У 1604 Казімір быў кананізаваны, пасля чаго яго сталі пачытаць як абаронцу Літвы. Сёння яго мошчы захоўваюцца ў Віленскім катэдральным саборы.
Беларускае Радыё Рацыя