Беларуская Акадэмія набірае студэнтаў на спецыяльнасць „Адміністрацыя”
Пачаўся набор студэнтаў на спецыяльнасць „Адміністрацыя”, у межах дзейнасці адукацыйнай платформы „Беларуская Акадэмія„. Яе стварылі беларускія выкладчыкі, якія працуюць і жывуць, як у самой Беларусі, гэтак і за мяжой краіны. Адукацыю можа атрымліваць аддалена, жывучы ў Беларусі, Польшчы, ці любой іншай краіне.
Гаворыць доктар гістарычных навук Святлана Куль, каардынатар „Беларускай Акадэміі”:
– Прынцып такі, што беларусы робяць вышэйшую школу для беларусаў. Прычым гэта на Балонскай сістэме: гэта і студэнцкае самакіраванне, і дыскусіі, і свабода выказванняў. Гэта закладзена ўжо ў самой сістэме, па якой мы збудавалі гэты курс і нашу дзейнасць як Беларускай Акадэміі. Мы спрабуем дапамагчы беларускай вышэйшай адукацыі ўвайсці ў Балонскую сістэму.
У Беларускай Акадэміі статус студэнта – гэта студэнт стацыянара. Што прадугледжвае ільготы. Такія як дармовая віза, легальны побыт у краінах Еўразвяза, магчымасць працаваць там, а таксама магчымасць вызвалення ад службы ў войску на час вучобы. Гэтыя моманты для цяперашняй сітуацыі ў Беларусі для моладзі важныя. Мяркуе Святлана Куль:
– Між іншым можна ў нас вучыцца ўжо навучаючыся, ці маючы вышэйшую адукацыю. Мы спецыяльна адкрылі вось гэтую спецыяльнасць “Адміністрацыя”. На сённяшні дзень у Беларусі па гэтай спецыяльнасці рыхтуе толькі адна навучальная ўстанова – Акадэмія пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А мы хочам даць гэтую спецыяльнасць з акцэнтам на шматвектарнасць. Каб чалавек, які закончыць у нас тры гады, тры гады – гэта бакалаўрыят, каб ён меў яўленне як гэта ў Еўропе збудавана.
Студэнты атрымаюць магчымасць параўнаць і вывучыць асновы самакіравання, заканадаўства Беларусі з улікам заканадаўстваў краін Еўразвязу. Спецыяльнасць „Адміністрацыя” – гэта база для кожнага, хто мае намер працаваць на кіруючай пасадзе ў вытворчасці, ці адкрыць уласны бізнес.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя