Чарговая спроба выселіць царкву „Новае жыццё”



 Судовыя выканаўцы 17 лютага зробяць чарговую спробу выселіць абшчыну хрысціян поўнага Евангелля „Царква „Новае жыццё” з малітоўнага дома ў Менску. Пра гэта было заяўлена 1 лютага на сустрэчы пастара Вячаслава Ганчарэнкі з прадстаўнікамі ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менгарвыканкама, паведаміў БелаПАН адміністратар царквы Віталь Антончыкаў.

„Адбылася нядоўгая гутарка, яны спыталі, маўляў, чаму мы не выселіліся. Мы сказалі, што лічым рашэнне [аб высяленні] несправядлівым: нас пазбавілі ўласнасці нібыта за нямэтавае выкарыстанне, але ў рэальнасці мы ніяк наогул па законе не маглі яе выкарыстоўваць. Мы лічым гэта рашэнне незаконным, таму і не выселіліся”, — адзначыў ён.

Антончыкаў паведаміў, што судовыя выканаўцы склалі новы адміністрацыйны пратакол па факце парушэння загада суда аб высяленні абшчыны з будынка, аднак пастар Ганчарэнка яго не падпісаў. Адміністратар царквы мяркуе, што на падставе гэтага дакумента, а таксама аналагічнага пратакола ад 5 студзеня 2021 года профільнае ўпраўленне звернецца ў суд. „Па гэтых пратаколах, хутчэй за ўсё, будзе суд, але мы пакуль не ведаем, калі”, — сказаў ён.

„Яны сказалі, што 17 лютага прыйдуць яшчэ раз, у 11.00, — зноў з высяленнем”, — дадаў Антончыкаў.

У канцы мінулага года ўпраўленне прымусовага выканання вынесла абшчыне пратэстанцкай царквы „Новае жыццё” чарговае прадпісанне з патрабаваннем да 31 снежня выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1.621 кв. м па вуліцы Кавалёва, 72. Спаганятым, згодна з дакументам, з’яўляецца ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы.

У загадзе гаварылася, што ў выпадку невыканання патрабавання прымусовае высяленне адбудзецца 5 студзеня 2021 года ў 11.00. На 10.00 дня высялення царква абвясціла малітоўнае служэнне, на якое сабралася каля 200 вернікаў. Судовыя выканаўцы, якія з’явіліся дакладна ў пазначаны імі час разам з прадстаўнікамі ЖРЭА, у будынак заходзіць не сталі. Яны ўдакладнілі, ці мае намер абшчына высяляцца, і, атрымаўшы адмоўны адказ, склалі адміністрацыйны пратакол у дачыненні да кіраўніцтва царквы за парушэнне загада аб высяленні.

19 студзеня абшчына атрымала позву, якой упраўленне прымусовага выканання абавязала прадстаўнікоў царквы з’явіцца 1 лютага ў сувязі з парушэннем загада суда аб высяленні.

Фота: newlife.by