Не стала таленавітага паэта Юры Карэйвы
Толькі цяпер з Ліды прыйшла сумная вестка – 5 студзеня не стала аднаго з таленавітых паэтаў Гарадзеншчыны Юры Карэйвы.
Гэта Юра пісаў і пакінуў нам цудоўныя паэтычныя радкі:
Насустрач чорным сілам хіжым
Усе мы выйдзем, як адзін!
Вось толькі б выйсці,
Толькі б выжыць…
А там, нарэшце, —
Паглядзім!..
Юры Карэйва нарадзіўся 29 траўня 1961 года ў Лідзе. Закончыў СШ №4 (1978 г.) і філалагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1995 г.). Працаваў выкладчыкам у Гародні ў СШ №26 і 18. Навучаўся пры касцёле Святога Духа ў Вільні, а потым вучыўся ў Маскве ў Сучасным Гуманітарным Універсітэце на юрыдычным факультэце.
З вершамі Юры Карэйва выступаў у многіх рэспубліканскіх выданнях. Быў рэдактарам альманахаў „Ад лідскіх муроў” (№4, №5). Аўтар зборнікаў вершаў „Краявід” і „З разбітае ліры”. Напісана ім і не выдадзена сотні паэтычных твораў.
Калі Юры Карэйва вучыўся ў Гарадзенскім універсітэце, ён быў адным з актыўных сяброў універсітэцкага літаб’яднання “Наднёманскія галасы”, яго вершы з задавальненнем друкавалі розныя беларускія выданні. Паэтычныя радкі паэта адрозніваліся ад іншых сваёй філасофічнай афарбоўкай і роздумам пра жыццё:
Гляньце ж, вы, – ад народзін да крыжа
Шлях ваш – церні ды ў цемры знічы…
Дык ці ж хочаце, хто яшчэ выжыў
Заставацца навечна з нічым?..
Юры Карэйву пахавалі ў Лідзе на гарадскіх могілках “Зосіна-2”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя