Гендырэктар EBU: „Еўрабачанне” — музычны конкурс па-за палітычным парадкам дня
„Еўрабачанне” — музычны конкурс па-за палітычным парадкам дня, заявіў генеральны дырэктар Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU) Ноэль Куран у адказ на зварот Беларускага фонду культурнай салідарнасці (BCSF/Belarusian Culture Solidarity Foundation) аб выключэнні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі (НДТРК, Белтэлерадыёкампанія) са складу арганізацыі. Фота ліста кіраўнік фонду Сяргей Будкін размясціў у „Фэйсбуку”.
У лісце адзначаецца, што EBU як прафесійная асацыяцыя грамадскіх СМІ ў Еўропе цвёрда адданыя свабодзе выказвання і абароне каштоўнасцяў грамадскіх СМІ, уключаючы незалежнасць і адказнасць. Арганізацыя працягвае „ўважліва кантраляваць стан медыя ў Беларусі” і „рашуча асудзіла” напады міліцыі на мясцовых і замежных журналістаў пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Куран паведаміў, што EBU афіцыйна заклікаў Белтэлерадыёкампанію як члена саюза „абараніць прафесійныя журналісцкія каштоўнасці і гарантаваць грамадзянам доступ да інфармацыі, якая дазволіць ім пачуць мноства думак і сфармаваць сваё ўласнае незалежнае меркаванне”.
Еўрапейскі вяшчальны саюз ведае пра рашэнне НДТРК не адпраўляць дуэт VAL на „Еўрабачанне” сёлета. Як адзначаецца ў лісце, шэраг канкурсантаў, адабраных на конкурс у 2020 годзе, калі конкурс быў адменены з-за пандэміі COVID-19, не вернуцца ў 2021-м, і гэтае рашэнне — выключная адказнасць кожнай тэлекампаніі-ўдзельніка. „Я б хацеў таксама падкрэсліць, што „Еўрабачанне” — музычны конкурс па-за палітычным парадкам дня. Мы паслядоўна і рашуча супрацьстаім спробам выкарыстаць гэтую культурную падзею ў палітычных мэтах”, — заявіў Куран, падкрэсліўшы, што і EBU — гэта прафесійная арганізацыя па-за палітыкай.
У студзені Беларускі фонд культурнай салідарнасці абвясціў пра пачатак кампаніі #stopBT, мэта якой — пазбавіць Белтэлерадыёкампанію права на трансляцыю і ўдзел у міжнародным песенным конкурсе „Еўрабачанне”. Адпаведны ліст быў накіраваны ў офіс Еўрапейскага вяшчальнага саюза ў Жэневе. „Не, мы не хочам пазбавіць Беларусь „Еўрабачання”. Мы хочам дамагчыся таго, каб Белтэлерадыёкампанія не мела адносін да ўсяго таго, што мае назву „Еўрапейскі”, бо гэты будынак знаходзіцца не на тэрыторыі Еўропы. Ён на тэрыторыі Зла”, — паведамілі ў фондзе.
У BCSF заявілі, што беларускае дзяржаўнае тэлебачанне сёння — „гэта не медыя, а інструмент палітычнага націску і прапаганды, з дапамогай якога ў грамадстве распальваецца варожасць”. „Яны звальняюць сваіх супрацоўнікаў проста за пост у сетках, разрываюць кантракты за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, як здарылася з пераможцамі нацыянальнага адбору да „Еўрабачання-2020″ VAL.musicproject. А тых, хто яшчэ застаўся працаваць, трымаюць у страху”, — адзначылі ў фондзе.