Экспарт турыстычных паслуг улады плануюць павялічыць да 500 млн долараў



Экспарт турыстычных паслуг за 2021—2025 гады вырасце больш як утрая і дасягне 500 млн долараў у 2025 годзе. Гэта прадугледжвае дзяржаўная праграма „Беларусь гасцінная”, якую ўрад зацвердзіў пастановай № 58.

Згодна з дзяржпраграмай, „на 2021—2025 гады запланаваны рост спажывання турыстычных паслуг шляхам стымулявання ўнутранага попыту і павелічэння ўязных турыстычных патокаў”.

У прыватнасці мяркуецца, што экспарт турыстычных паслуг вырасце са 150 млн долараў у 2021 годзе да 500 млн у 2025-м, а колькасць замежных турыстаў, якія наведаюць Беларусь, падвоіцца. Запланаваны таксама рост на 47% колькасці арганізаваных турыстаў (грамадзян Беларусі), якія скарыстаюцца турамі ўнутры краіны.

На рэалізацыю дзяржпраграмы плануецца накіраваць амаль 488,5 млн рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 18,7 млн, мясцовых бюджэтаў — 5,7 млн. Акрамя гэтага, за кошт „уласных сродкаў выканаўцы” (арганізацый, якім даручана выконваць мерапрыемствы дзяржпраграмы) плануецца прафінансаваць дзяржпраграму на 461,5 млн рублёў.

Між тым прадстаўнікі турыстычнай галіны ўпэўненыя, што пры захаванні наяўных тэндэнцый у індустрыі задачы ўладаў на пяцігодку немагчыма будзе выканаць.

З-за цяжкага фінансавага становішча і адсутнасці дзяржпадтрымкі пачалося банкруцтва турыстычных кампаній, паведаміла ў снежні БелаПАН кіраўнік Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун. „Сёння ў суб’ектаў турыстычнага рынку няма выйсця. Прыватны бізнес ствараўся для атрымання прыбытку. Яго сёння няма, умоў для аднаўлення дзейнасці няма. Мы бачым, што межы зачыненыя, эпідэміялагічная сітуацыя складаная, а органы дзяржкіравання не стварылі ўмовы па папярэджанні фінансавай неплацежаздольнасці (банкруцтва) турыстычных кампаній”, — падкрэсліла яна.

„Складваецца ўражанне, што супрацоўнікі дзяржорганаў дамагаюцца, каб тургаліна памерла, — адзначыла Бічун. — Па-іншаму растлумачыць дзеянні і бяздзейнасць дзяржорганаў мы не можам”.

У сваю чаргу старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец паведаміў БелаПАН, што былі падрыхтаваныя чатыры праекты ўказа аб падтрымцы тургаліны, але ні адзін з іх з невядомых прычын не быў падтрыманы на дзяржаўным узроўні. „Здзіўляе і абурае бяздзейнасць дзяржорганаў у частцы аказання падтрымкі турыстычнай галіне”, — заявіў ён.

Відавочна, адзначыў Швец, што ў існых умовах турыстычныя кампаніі, якія не валодаюць рэзервамі, вымушаныя будуць сыходзіць з рынку.