У былой школе, дзе вучыўся Рышард Капусцінскі, размесцяць гатэль, рэстарацыю і боўлінг



У Пінску ў былой школе, дзе вучыўся сусветна вядомы журналіст і пісьменнік Рышард Капусцінскі, размесцяць гатэль, рэстарацыю і боўлінг. Будынак знаходзіцца ў самым гістарычным цэнтры горада. Упершую чаргу гэта робіцца з разлікам на турыстаў.

Па словах краязнаўцы Эдварда Злобіна, Пінску сапраўды не хапае такіх аб’ектаў, але гістарычны будынак перарабілі да непазнавальнасці:

– Там, канешне, сумная гісторыя. Што ўласна кажучы ад дома засталося з гэтымі перабудовамі? Як яны арганізавалі ўнутраны двор. Там усё заклалі пліткай. Гэтага я не вельмі разумею. А самае сумнае ў гэтым аб’екце – від з боку набярэжнай. Проста жахлівая каробка. Гэтая архітэктура проста нявечыць краявід. Хочацца вочы хутчэй адвесці.

Дарэчы, у пінскай школе, дзе вучыўся Рышард Капусцінскі, выкладчыкам малявання працаваў ягоны бацька Юзэф. 

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота: Медыя-Палессе