Барыс Жаліба: Здадуць валюту – здадуць краіну



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму ў Расеі ізноў загаварылі пра адзіную валюту ў межах інтэграцыі Расеі і Беларусі.

Намеснік кіраўніка Савета бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў у інтэрв’ю расейскім СМІ, што краінам “трэба інтэгравацца цясней і рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, у тым ліку тыя элементы збліжэння, злучэння патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзены. А гэта самыя розныя пытанні, аж да адзінай валюты”.

Барыс Жаліба: Расея, як бачым, не здымае з павесткі дня пытанне інтэграцыі з Беларуссю ў цэлым і пытанне адзінай валюты у прыватнасці. Зрэшты, пра адзіную валюту размова ідзе ўжо дастаткова даўно, і быў нават ультыматум Мядзведзева, калі ён прыязджаў у Беларусь.

Тады ён заявіў прыкладана наступнае: калі вы хочаце нейкіх ільготных цэнаў на энерганосьбіты і ншых прэферэнцый, то давайце пагаворвым аб паглыбленай інтэграцыі. Усё гэта вылілася ў 31-ю дарожную мапу, у якой прадугледжвалася стварэнне наднацыянальных органаў і пераход на расейскі рубель. Потым пра гэта неяк замаўчалі, а апошнія падзеі ў Беларусі пасля выбараў і наогул адсунулі пытанне адзінай валюты на трэці план.

РР: А чаму зараз у Крамлі пра гэта ізноў успомнілі?

Барыс Жаліба: Яны пра гэта і не забывалі, а зараз зручны момант нагадаць, што трэба аплочваць рахункі і выдадзеныя авансы. У Беларусі – палітычны і эканамічны крызісы, рэжыму чакаць дапамогі з Захаду зусім не выпадае, гэтыя шляхі яны сабе адрэзалі. Застаецца толькі Расея, ад якой можа паступіць рэальная дапамога: крэдыты, ільготы на энерганосьбіты.

Вось намеснік кіраўніка Савета бяспекі Расеі і нагадвае, на якіх умовах можа быць аказана гэтая дапамога. Маўляў, давайце вернемся да пытання паглыбленай інтэграцыі.

РР: У чым небяспека ўвядзення адзінай валюты?

Барыс Жаліба: Як толькі здадуць нацыянальную валюту – па сутнасці здадуць і ўладу, і краіну, і суверэнітэт. У свой час кіраўнікі Беларусі гэта зразумелі, бо ў такім выпадку бюджэт будзе зацвярджацца ў Маскве. Зразумела, хто ў такім выпадку будзе камандаваць парадам.

Таму нагадванне пра адзіную валюту з вуснаў Мядзведзева гучыць даволі небяспечна. Не выключаю нават, што беларускі рэжым можа пайсці на гэты крок, каб захаваць сябе пры ўладзе. Але, відаць, на гэта пойдуць, калі ўжо вельмі моцна прыцісне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belmarket.by