Аптэкам раяць “адкруціць цэны назад”



Калі вы заўважылі істотнае падаражанне лекаў або медыцынскіх вырабаў, а таксама іншых тавараў, то можаце паскардзіцца. Такую магчымасць дае беларускае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якое запусціла адмысловую анлайн-анкету. Працытую: «Калі вы звярнулі ўвагу на неабгрунтаваны, на вашую думку, рост цаны на лекавыя сродкі або вырабы медыцынскага прызначэння, паведамце ў МАРГ для прыняцця мераў рэагавання».  І спачатку можна падумаць: вось якое добрае Міністэрства, клапоціцца пра нас, каб цэны не былі высокімі. Але сітуацыя выглядае іначай, яна даволі абсурдная.

Пачну з таго, што з першага студзеня змянілі стаўкі падатку на дададзеную вартасць на ўвоз і продаж лекаў і медыцынскіх вырабаў. Цяпер партыі ўвезенага ў краіну тавару павінны абкладацца ПДВ у 10 працэнтаў, а раней яны вызваляліся ад гэтага падатку. На ўвезены да новага года тавар, цэны трэба было перагледзець да першага лютага. Што аптэкі паспяхова і зрабілі. А менавіта паднялі цэны з прычыны падвышэння ўладамі ставак ПДВ. Як раней тлумачыў FINANCE.TUT.BY міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, стаўкі ПДВ на лекі паднялі для іх узгаднення найперш з Расейскай Федэрацыяй, а цэны ў аптэках пракантралююць адпаведныя службы, якія не дапусцяць неабгрунтаванага росту цэн. Яшчэ раз: Мінфін істотна падняло падатак, загадала прывесці цэны ў адпаведнасць з ім, то бок падняць, а цяпер Мінздароўя і МАРГ кажуць аптэкам знізіць цэны і ладзіць акцыі зніжак. У іншым выпадку аптэкам па-просту вызначаць максімальны памер рознічных цэн. Маўляў, паводле планаў ураду, інфляцыя па выніках года павінна ўпісацца ў пяць працэнтаў, вось гэтай лічбы і варта трымацца.

Вось ужо сапраўды: правая рука ня ведае, што робіць левая. Толькі беларускія гора-чыноўнікі маглі спачатку падняць падаткі, а пазней прасіць не падымаць цэны. У кожным разе, скрайнімі аказаліся аптэкі. Цяпер ім трэба прыдумаць, як вытрымаць і рост ставак падатку, і рост арэнднай платы, і пры гэтым не перавысіць прагнозаў па інфляцыі, і дагадзіць пакупнікам, каб тыя не скардзіліся ў міністэрствы. Застаецца параіць некаму ўрэшце вывучыць законы, на якіх існуе рынак. Ужо ня кажучы пра тое, што падымаць стаўкі падатку на лекі ў часы пандэміі – гэта яшчэ трэба было дадумацца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belnovosti.by