Сілавыя структуры зацікавіліся былымі і дзейнымі банкірамі



Праваахоўныя органы зацікавіліся групай былых і дзейных банкіраў, у ліку якіх Генадзь Сысоеў, экс-кіраўнік „Белінвестбанка”, які цяпер выконвае абавязкі дырэктара Беларускай лясной кампаніі.

Пры гэтым, паводле інфармацыі БелаПАН, цікавасць праваахоўных органаў да банкіраў не звязаная з Беларускай лясной кампаніяй (займаецца продажам прадукцыі дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў).

„Чуў, што іх выклікалі, Генадзя Сысоева ў тым ліку. Да пытанняў дрэваапрацоўчага холдынгу датычнасць справы не прасочваецца, і таму аб якіх-небудзь зменах у холдынгу казаць па меншай меры заўчасна”, — заявіў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі іншых СМІ, цікавасць да групы банкіраў можа быць звязана з размеркаваннем фінансавых рэсурсаў, якімі распараджалася дзяржава.

Партал tut.by паведамляе аб магчымым (паводле меркавання праваахоўных органаў) карупцыйным складніку ў гэтай справе, а „Наша Ніва” са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы ўдакладняе, што справа можа тычыцца фінансавання будаўніцтва Тураўскага малочнага камбіната.

Варта адзначыць, што адначасова з інфармацыяй пра цікавасць сілавых ведамстваў да банкіраў у тэлеграм-каналах 3 лютага сталі распаўсюджвацца звесткі пра нібыта затрыманне былога прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, які да прызначэння на гэтую пасаду ўзначальваў Банк развіцця Рэспублікі Беларусь, а раней „Белаграпрамбанк” і некаторы час займаў кіруючыя пасады разам з Сысоевым.

belapan.by