Прадстаўнікі мясцовага самакіравання ўшанавалі памяць ахвяр вёсак Зані і Шпакі



Першы раз за апошнія 75 гадоў ва ўрачыстасцях па ўшанаванні памяці цывільных ахвяраў вёсак Зані і Шпакі, загінулых 2 лютага 1946 году ад рук жаўнераў польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры), прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовага самакіравання бургамістр Бранска Яўгеніюш Качэўскі, войты Бранска і Вышкаў  Анджэй Янкоўскі і Марыюш Кажанеўскі. Усе яны абяцалі поўную падтрымку ў захаванні памяці пра трагедыі гэтых вёсак.

Яўгеніюш Качэўскі: Гэта страшная трагедыя. Заўсёды падтрымліваем тут розныя лакальныя ініцыятывы. Патрэбны ініцыятывы, каб нагадаваць аб гэтым, каб тлумачыць людзям, каб у будучым да такіх здарэнняў не дайшло.

Анджэй Янковскі: Абяцаю, што мы заапекуемся гэтым месцам. Гэта тое месца памяці, якое ў нашай гміне будзе заўсёды ўшанаванае.

Марыюш Кажанеўскі: Дзякуючы айцу Марку гэтая гісторыя тут пачала згадвацца, каб не забываць пра тыя здарэнні, якія адбыліся 75 гадоў таму. Я, дарэчы, сам, дзякуючы айцу Марку, пра гэта даведаўся.

У 2018 годзе малітвы каля помніка ў Шпаках і помніка-магілы ў Занях на просьбу вернікаў пачаў настаяцель прыхода ў Бранску і Малешах айцец Марк Якімюк.

У чэрвені мінулага года ўсе 79 ахвяры гэтак званага крывавага рэйду Бурага былі кананізаваныя польскай праваслаўнай царквой.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя