Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі „Енісею” ў матчы расейскай суперлігі
Валейбалісткі „Мінчанкі” саступілі краснаярскаму „Енісею” ў матчы перанесенага 19-га тура расейскай суперлігі з лікам 0:3.
Гульня праходзіла па сцэнары дружыны з Краснаярска, якая ў кожным з трох сэтаў дамагалася камфортнага адрыву, а затым не дазваляла суперніцам яго ліквідаваць. Галоўным бамбардзірам у шэрагах „Мінчанкі” стала Таццяна Маркевіч, якая набрала 11 ачкоў.
Беларусы саступілі вугорцам у кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы па міні-футболе
Зборная Беларусі па міні-футболе пацярпела першую паразу ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2022 года. У паядынку другога тура 5-й кваліфікацыйнай групы беларуская каманда саступіла ў Будапешце вугорцам з лікам 1:2. Беларусы прапусцілі першы мяч на 5-й хвіліне першага тайма, у сярэдзіне другой паловы Сяргей Сілівончык зраўняў лік, а за 10 хвілін да заканчэння сустрэчы вугорцы забілі пераможны гол.
Свае наступныя матчы беларусы правядуць супраць казахстанцаў – 2 сакавіка ў гасцях і 8 сакавіка на хатняй арэне.
Беларускія футбалісты саступілі казахстанцам на турніры ў Менску
Футбалісты юнацкай зборнай Беларусі пацярпелі другую паразу ў розыгрышы Кубка развіцця. У менскім футбольным манежы падапечныя Аляксандра Юрэвіча прайгралі равеснікам з Казахстана з лікам 2:4. Абодва супернікі няўдала правялі паядынкі першага тура: беларусы саступілі камандзе Малдовы з лікам 1:3, а казахстанскія футбалісты пацярпелі буйную паразу ад зборнай Таджыкістана — 1:7. У апошні дзень спаборніцтваў, 6 лютага, беларусы сустрэнуцца з таджыкамі, а казахстанская зборная будзе супернічаць з малдаванамі.
„Тарпеда-БелАЗ” і „Нёман” згулялі ўнічыю на футбольным турніры ў Жодзіна
Чарговыя матчы перадсезоннага футбольнага турніру „Белазавец-2021” у Жодзіне завяршыліся ўнічыю. У першым паядынку гаспадары спаборніцтваў футбалісты „Тарпеда-БелАЗа” разышліся мірам з гарадзенскім „Нёманам” – 2:2, а сустрэча „Слуцка” і „Іслачы” скончылася з лікам 1:1. У апошнім туры спаборніцтваў у 1-й групе 5 лютага тарпедаўцы згуляюць з „Іслаччу”, а „Слуцк” сустрэнецца з „Нёманам”.
Гульцы БАТЭ Уладзіслаў Мухамедаў і Аляксандр Нямірка правядуць сезон у „Дняпры”
Нападнік БАТЭ Уладзіслаў Мухамедаў аддадзены ў арэнду магілёўскаму „Дняпру” да канца будучага сезону. У ранейшыя гады за асноўную каманду БАТЭ нападнік правёў 17 матчаў (у тым ліку ў чэмпіянаце – 10), забіў 2 галы і зрабіў 4 перадачы. А на працягу апошніх паўтара гадоў ён на правах арэнды гуляў за „Смалявічы” і „Энергетык” -БДУ.
У сваю чаргу, 20-гадовы Аляксандр Нямірка заключыў з „Дняпром” паўнавартасны кантракт. Летась хаўбек дапамог магілёўцам заваяваць пуцёўку ў першую лігу – згуляў 22 матчы і забіў 1 гол.
«Барселона» адыгралася з 0:2 і вырвала перамогу ў чвэрцьфінале Кубка Іспаніі з «Гранадай»
У матчы 1/4 фіналу Кубка Іспаніі «Гранада» саступіла «Барселоне». Сустрэча праходзіла на стадыёне «Лос-Карменэс» у Гранадзе і завяршылася перамогай гасцей у авертайме з лікам 5:3. На 33-й хвіліне лік адкрыў паўабаронца «Гранады» Кенэдзі. Другі гол гаспадароў забіў Раберта Сальдада. На 88-й хвіліне Антуан Грызман адыграў адзін мяч, а ў дадзены час Альба перавёў гульню ў авертайм. На 100-й хвіліне Грызман аформіў дубль і вывеў сіне-гранатавых наперад. Праз тры хвіліны арбітр сустрэчы прызначыў пенальці ў браму «Барселоны», які рэалізаваў Федэ Віка. На 108-й хвіліне Фрэнкі Дэ Ёнг зноў вывеў «Барселону» наперад, а канчатковую кропку ў матчы паставіў Альба.
„Манчэстар Сіці” ў матчы 22-га тура чэмпіянату Англіі ў гасцях выйграў у „Бёрнлі” – 2:0. Галы на рахунку Габрыэла Жэзуса і Рахіма Стэрлінга.
„Сіці” набраў 47 ачкоў і лідыруе ў чэмпіянаце. «Ліверпуль» на стадыёне «Энфілд» прымаў «Брайтан» і з лікам 0:1 прайграў другі матч запар.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by