Улады ўзяліся за „Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і юрыст гэтай асветнай праваабарончай установы Алег Граблеўскі з’яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе, паведаміла ў „Фэйсбуку” праваабаронца Алена Танкачова.
Паводле яе інфармацыі, Драздоўскі і Граблеўскі былі затрыманыя ў другой палове дня 3 лютага і дастаўленыя на допыт у Следчы камітэт. Юрыста офіса пасля допыту затрымалі на трое сутак і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. У дачыненні да Драздоўскага прымененая мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.
21 студзеня дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю паведаміў, што праводзіць праверку ў дачыненні да службовых асоб Офіса па правах людзей з інваліднасцю. Праверка звязаная з пытаннямі „магчымага неправамернага завалодання” ў перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для аказання дапамогі беларускім грамадзянам з інваліднасцю. „Паводле вынікаў праверкі з улікам сабраных матэрыялаў будзе прынятае рашэнне ў межах дзейнага Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства”, — паведаміў ДФР.
У офісе арганізацыі прайшоў вобшук, была канфіскаваная ўся камп’ютарная тэхніка. Пасля вобшуку Драздоўскага, Граблеўскага і бухгалтара праваабарончай арганізацыі інвалідаў адвезлі ў ДФР „для давання тлумачэнняў”. „Пытанні нам задавалі адносна фінансавання офіса ў 2020 годзе”, — паведаміў БелаПАН Драздоўскі.
Офіс па правах людзей з інваліднасцю — праваабарончая арганізацыя, створаная ў 2011 годзе. Аказвае прававую дапамогу, праводзіць кансультаванне ў пытаннях правоў людзей з інваліднасцю і рэалізацыі гэтых правоў. Займаецца асветнай дзейнасцю: праводзіць семінары і трэнінгі, круглыя сталы, выдае тэматычную літаратуру, рыхтуе і публікуе розныя маніторынгі і даследаванні па тэме правоў людзей з інваліднасцю. Дае экспертныя заключэнні па пытаннях, звязаных з правамі людзей з інваліднасцю, і прапануе ініцыятывы па ўдасканаленні нацыянальнага права ў дачыненні да людзей з інваліднасцю.
Больш за 30 арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі запатрабавалі ад уладаў спыніць націск і неабгрунтаваныя праверкі Офіса па правах людзей з інваліднасцю.