Юлія Сівец пра назад у мінулае



Навіны вось ужо які месяц нагадваюць зводкі з баёў. Пасадзілі, арыштавалі, затрымалі, аштрафавалі. Такое адчуванне, што Беларусь хочуць пераўтварыць у адну суцэльную турму, у якой дазволенае толькі адзінае: працаваць на дабрабыт пэўных набліжаных асобаў. Усё астатняе забаронена. Нават абараняць сябе таксама забаронена. За гэта адпраўляюць у ІЧУ, СІЗА ці турму. Правы ў нашай краіне цяпер маюць толькі сілавікі. Беларусь кіламетровымі крокамі накіроўваецца назад у савецкае мінулае: і ў плане правоў, і ў плане развіцця. Хаця развіццё мала хвалюе тых, хто наверсе. Вунь у М’янме ў свой час сілавікі давялі да таго, што ў краіне ў 2010 годзе не было мабільнай сувязі. І што? Там зноў вайсковы пераварот. Менш за ўсё сілавікоў цікавяць такія рэчы, як развіццё краіны.

Вунь беларускія гарады гэтай зімой пастаянна застаюцца без ацяплення і гарачай вады, паколькі нейкія аварыі на трубаправодах. І гэта будзе здарацца ўсё часцей, пакуль камунальнікі занятыя прыборкай бчб-стужак і малюнкаў з выявай бчб-сцяга. І што? Сілавікоў моцна хвалюе, што дзесьці няма ацяплення і гарачай вады? Зусім не. А паняцці кшалту “правы чалавека”, “свабода слова”, “дэмакратыя” ўвогуле імі ўспрымаюцца як абсалютнае зло. Так што, як гаварыў міністр магіі ў “Гары Потэры”, “наступілі цёмныя часы”. Хаця ў канцы кнігі і фільма, Гары Потэр з паплечнікамі ўсё-такі перамагае Цёмнага лорда.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ