«Чыстая матэматыка»



Больш за паўтары гады таму Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай». Гэта адбылося яшчэ да інаўгурацыі Прэзідэнта Зяленскага. І толькі 16 студзеня 2021 года ўступіў у сілу той артыкул моўнага закона, які абавязвае ўсіх пастаўшчыкоў паслуг ва Украіне камунікаваць з кліентамі выключна дзяржаўнай мовай, калі спажывец не патрабуе аб персанальным абслугоўванні іншай мовай, прымальнай для бакоў. Гэта азначае, што ў банку, бібліятэцы, супермаркеце, інтэрнэт-краме, рэстаране і г.д. да кліента павінны звяртацца ўкраінскай мовай, а парушальнікам пагражаюць штрафы. Здавалася б, што ненатуральнага ў законе, калі такі падтрымлівае, рэгулюе, забяспечвае і гарантуе жыццё дзяржаўнай мовы? Але не ўсё так проста. Многія палітыкі русафільскай накіраванасці крычаць пра парушэнне правоў чалавека і поўнай дыскрымінацыі рускамоўнага насельніцтва ва Украіне, забыўшыся пра тое, што ў 2014 годзе на тэрыторыю незалежнай ужо ступіла нага так званых «абаронцаў».

І чамусьці яны не баяцца папярхнуцца хлебам, вырашчаным на ўкраінскай ніве ўкраінамоўным фермерам. Колькі ж яшчэ часу гэты велічэзны павук – «рускі мір» – будзе пранікаць ва ўсе сферы чужога жыцця, пакідаючы пасля кожнага руху цела ліпкае павуцінне і вывяргаючы зласлівасць і нянавісць? Кіраўніка ўкраінскай дзяржавы называюць марыянеткай, якая баіцца выклікаць незадаволенасць амерыканскага або еўрапейскага калегі, баючыся ўласнага ценю. Усё гэта ў кантэксце новай нормы закона. Мабыць, мова – усё-такі магутная зброя. Хто хоча (з рускамоўных), той вывучыць і будзе паважаць мову зямлі, на якой жыве.

І як казаў мой бацька: разумнейшы той, хто валодае двума мовамі, чым той, хто валодае адной. Чыстая матэматыка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ