Авіякампанія flydubai адкрывае рэйсы ў Менск



Авіякампанія flydubai, якая базуецца ў найбуйнейшым горадзе Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў Дубаі, абвясціла аб адкрыцці рэйсаў у Менск.

З 20 лютага 2021 года авіякампанія будзе выконваць тры рэйсы на тыдзень паміж міжнародным аэрапортам Дубай (DXB) і нацыянальным аэрапортам Менск (MSQ). Flydubai стане першым перавозчыкам у Дубаі, які прапануе прамыя рэйсы па гэтым маршруце, паведамляе прэс-служба кампаніі.

„Мы рады быць першай авіякампаніяй у Дубаі, якая выконвае прамыя рэйсы паміж Дубаем і Мінскам. flydubai прапануе пасажырам зручныя стыкоўкі і магчымасць падарожнічаць па 155 напрамках праз міжнародны турыстычны цэнтр Дубая. Мы прапануем нашым пасажырам зручныя і надзейныя турыстычныя паслугі, незалежна ад таго, выбіраюць яны для падарожжа бізнес-клас або эканамклас. Усе нашы пасажыры могуць разлічваць на камфортнае падарожжа на борце”, — адзначыў старшы віцэ-прэзідэнт flydubai Джэйхун Эфендзі.

Дзякуючы партнёрству з авіякампаніяй „Эмірэйтс” пасажыры атрымаюць больш зручных варыянтаў стыковак у Дубаі для палётаў па 155 напрамках паміж рэйсамі „Эмірэйтс” і flydubai, уключаючы Аўстралію, Кітай, Індыйскі акіян, Японію, Паўднёвую Азію і ЗША.

Тарыфы бізнес-класа ў абодва бакі ад Менска да Дубая складаюць 1.500 долараў, эканамкласа — 390 долараў.

З Дубая самалёт будзе вылятаць у 18.50, час прыбыцця ў Менск — 23.50. Вылет з Менска — 00.50, прыбыццё ў Дубай — 7.45.

Як паведамлялася, 19 лютага авіякампанія „Белавія” пачне выкананне рэгулярных прамых рэйсаў па маршруце Менск — Дубай два разы на тыдзень. Такім чынам, са сталіцы Беларусі ў найбуйнейшы горад ААЭ будзе ажыццяўляцца пяць рэйсаў штотыдзень.

16 студзеня ўвайшоў у сілу бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і ААЭ. З гэтай даты грамадзяне Беларусі — уладальнікі звычайных нацыянальных пашпартоў змогуць уязджаць, выязджаць і рухацца транзітам цераз тэрыторыю ААЭ, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі ААЭ без віз на працягу перыяду, які не перавышае 90 дзён з даты ўезду. Аналагічныя ўмовы ўводзяцца для грамадзян ААЭ на тэрыторыі Беларусі.

by.belapan.by