Прадпрымальнікі Гомельшчыны чакаюць рашэння ўладаў



Сотні прадпрымальнікаў найбуйнейшых рынкаў Гомеля, Рэчыцы ды іншых гарадоў Гомельскай вобласці спынілі працу. Яны не могуць прадаставіць сертыфікаты і таваратранспартныя дакументы на кожную адзінку тавару, як гэтага патрабуе ўказ Аляксандра Лукашэнкі № 222.

Прадпрымальнікі не паверылі вусным запэўненням прадстаўнікоў улады, што іх чапаць не будуць да выпрацоўкі ўрадам схемы рэалізацыі рэшткаў тавараў. Таму і не пачалі працу, прынамсі, ў сакавіку.

У гомельскім гандлёвым цэнтры „Сакрэт” мясцовыя прадпрымальнікі правялі стыхійны сход. Адзначае старшыня Рады прадпрымальнікаў Наталля Дасько:

– Тавара ва ўсіх вельмі шмат. Рэалізаваць яго пры сённяшняй пакупніцкай здольнасці проста немагчыма. Мы мелі права вывезці свае рэшткі без канфіскацыі. Што ўсе і зрабілі.

Удзельнікі сходу казалі, што іх калегі з так званага Мытнага саюза маюць магчымасць працаваць вольна – ніхто іх ня топча патрабаваннямі мець сертыфікаты на кожную адзінку тавару. Беларусь жа невядома па якіх прычынах бяжыць наперадзе паравоза. Пра гэта, у прыватнасці, казала прадпрымальніца Святлана Калачова:  

– Гэта вар’яцтва нейкае. Хто мы такія для Расейскай Федэрацыі? Як мы можам несці адказнасць за тыя фірмы, якія нам нешта даюць? Маскоўскія фірмы працаваць з намі не хочуць. Калі там чуюць, што мы з Беларусі і хочам узяць у іх сертыфікаты, яны кажуць, што, прабачце, але вы нас не цікавіце. Указ павінны адмяніць!  

Большасць прадпрымальнікаў зачыніліся да таго часу, пакуль не будуць адмененыя новыя патрабаванні па пацвярджанні тавару. У іншым выпадку – наогул спыняць сваю дзейнасць і пойдуць станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці як беспрацоўныя.

Беларускае Радыё Рацыя паводле БалаПАН