Пра наступствы ад удзелу ў “хурале” для апазіцыі



Улады Беларусі працягваюць выкарыстоўваць паліттэхналогію “падзяляй і ўладарнічай”. З паведамленняў СМІ вынікае, што сярод запрошаных на Усебеларускі народны сход – лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і яго калега па сацыял-дэмакратычным руху, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 году, Сяргей Чэрачэнь. ТГ-канал Усебеларускага народнага сходу паведамляе, што аналагічныя запрашэнні былі адпраўленыя таксама кіраўніку партыі “Справядлівы свет” Сяргею Калякіну і старшыню БНФ Рыгору Кастусёву. Пра запрашэнні іншым лідарам дэмакратычных рухаў і партый, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах цягам апошніх месяцаў, нічога не вядома.

Хоць на дадзены момант яшчэ няма інфармацыі пра тое, ці згадзіліся апазіцыянеры на ўдзел у “хурале”, але ў лагеры прыхільнікаў пераменаў узнялася сапраўдная бура. Многія лідары меркаванняў і сваякі палітвязняў прамым тэкстам абвінавацілі запрошаных у апартунізме і здрадзе. Самі партыйныя кіраўнікі на пытанні журналістаў адказваюць, што канчатковага рашэння не прынялі. Маўляў, трэба параіцца з аднапартыйцамі. Што цікава, яшчэ некалькі месяцаў таму, калі ў Беларусі працягваліся масавыя акцыі пратэстаў, некаторыя лідары апазіцыі катэгарычна адкідалі нават гіпатэтычную магчымасць удзелу ва Усебеларускім народным сходзе. У прыватнасці, старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў адназначна заяўляў у снежні: “Мы не маем маральнага права ісці на Усебеларускі народны сход пакуль людзі сядзяць у турмах”. Праз два месяцы з моманту той заявы, апублікаванай на афіцыйнай старонцы партыі, у Беларусі сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася. Больш за тое, колькасць афіцыйна прызнаных палітвязняў павялічылася, а ціск на грамадзянскую супольнасць, нелаяльны бізнес, незалежныя СМІ толькі ўзмацніўся. У гэтай сітуацыі ваганні апазіцыянераў наконт удзелу ў сходзе лаялістаў у вачах грамадскасці выглядаюць не найлепшым чынам. 

У звязку са скандальным запрашэннем апазіцыянераў на сход вертыкальшчыкаў і ідэолагаў прыгадваецца адна падзабытая гісторыя, якая ледзьве не ўзарвала айчынны палітыкум пару гадоў таму. Гаворка ідзе пра гарачыя дыскусіі вакол двух мандатаў апазіцыйных дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай у так званым парламенце. У 2016 годзе апаненты ўлады ламалі дзіды адносна таго, ці варта дзвюм згаданым апазіцыянеркам пагаджацца на дэпутацтва на фоне сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэалій жорсткага аўтарытарнага рэжыму. Нягледзячы на крытыку, абедзьве апазіцыянеркі ад прапановы ўлады не адмовіліся, патлумачыўшы сваю пазіцыю тым, што змогуць прынесці шмат карысці грамадству і паспрыяць дыялогу. Насамрэч іх знаходжанне ў парламенце практычна нічым не запомнілася. Затое МЗС, сваёй чаргой, паспяхова змагло пераканаць калектыўны Захад у прагрэсе з дэмакратыяй у Беларусі, у выніку чаго быў здзейснены заўважны прарыў у стасунках з ЗША і ЕЗ.

Удзел апазіцыі ва Усебеларускім народным сходзе, які ад пачатку стварэння ў 1996 годзе задумваўся выключна як імітацыйны орган народнай дэмакратыі, дзе насамрэч няма месца нават канструктыўнай крытыцы кіраўніцтва краіны, наўрад ці прынясе для апанентаў улады пазітыўныя вынікі. Больш за тое, ва ўмовах глыбокага палітычнага крызісу і жорсткага супрацьстаяння, калі прыхільнікі пераменаў чакаюць ад лідараў яснай і маральнай пазіцыі, іх згода на ўдзел у прапагандысцкім шоу будзе мець негатыўныя іміджавыя наступствы і можа стаць фактарам расколу ў руху прыхільнікаў пераменаў, чаго, уласна кажучы, і дабіваюцца арганізатары Усебеларускага народнага сходу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ