EBU не хоча выключаць са свайго складу Белтэлерадыёкампанію



Еўрапейскі вяшчальны саюз не хоча выключаць са свайго складу Белтэлерадыёкампанію, маўляў, яны па-за палітыкай. Кіраўнік арганізацыі адказаў Беларускаму фонду культурнай салідарнасці, які распачаў і працягвае кампанію з мэтай выключыць дзяржаўнае беларускае тэлебачанне з Еўрапейскага вяшчальнага саюзу (EBU), што прывядзе да пазбаўлення яе права на трансляцыю і ўдзел у „Еўрабачанні”.

Белтэлерадыёкампанія сёлета выключыла з ліку ўдзельнікаў песеннага конкурсу леташніх пераможцаў нацыянальнага адбору –  гурт VAL, бо музыкі падтрымалі пратэсты, хаця павінны былі паехаць на конкурс сёлета – ў 2020 годзе ён не праводзіўся з-за каронавірусу. Больш за тое, дзяржаўнае тэлебачанне падтрылівае рэпрэсіі ў Беларусі, нагадвае Сяргей Будкін:

– Удзел у прынцыпе  Белтэлерадыёкампаніі ў нейкіх мерапрыемствах Еўрапейскага вяшчальнага саюза разам з іншымі тэлерадыёкампаніямі еўрапейскіх краінаў  бачыцца, мякка кажучы, сумнеўным. Складваецца гісторыя такім чынам, што Еўрапейскі вяшчальны саюз, як арганізатар “Еўрабачання”, павінен прынамсі ведаць пра факты ціску, рэпрэсій і пра факты таго, што трэба звярнуць увагу на недапушчальнасць удзелу такой структуры, прынамсі, у гэтым годзе.

У сваім адказе на імя Сяргея Будкіна генеральны дырэктар Еўрапейскага вяшчальнага звязу Ноэль Куран запэўніў, што там працягваюць «уважліва сачыць за цяжкім становішчам СМІ ў Беларусі і рашуча асуджаюць напады міліцыі на мясцовых і замежных журналістаў, якія асвятляюць грамадзянскія пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў». Аднак Еўрапейскі вяшчальны саюз, па словах яе кіраўніка, – «гэта прафесійная арганізацыя, незалежная ад палітыкі».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя