Сабрана больш за 100 тысяч подпісаў у абарону бел-чырвона-белага сцяга
Петыцыя супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, якая сабрала больш за 100 тысяч подпісаў, 5 лютага накіраваная ў Міністэрства культуры, Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральную пракуратуру.
Дакумент, створаны Каардынацыйнай радай (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, за тыдзень падпісалі 103.202 чалавекі. Паводле інфармацыі КР, гэтая петыцыя „найбольш хутка набірала подпісы за час працы платформы” petitions.by, дзе была апублікаваная.
Петыцыя з’явілася пасля інфармацыі аб тым, што Генпракуратура прыняла да разгляду калектыўны зварот аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. „У Генеральную пракуратуру паступіў калектыўны зварот, пад якім падпісаліся больш за сотню грамадзян, з просьбай аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. З улікам раней праведзенай Генеральнай пракуратурай працы па ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму ў цяперашні час мы рыхтуем пакет дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі”, — заявіла афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Анжаліка Курчак 29 студзеня ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.
У сувязі з гэтым была створаная петыцыя ў абарону сцяга, аўтары якой адзначылі, што „гэтым летам беларусы самастойна выбралі свае колеры і свой сцяг, пры гэтым не ўшчамлялі прыхільнікаў спалучэння чырвонага з зялёным”. „Забараняць мільёнам людзей выкарыстоўваць бел-чырвона-белую сімволіку на просьбу ста чалавек — несправядліва!” — лічаць яны.
„У Кодэксе Беларусі „Аб культуры” (п. 2 арт. 69) змест геральдычных аб’ектаў адносіцца да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў. Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным сцягам Беларусі з 1991 па 1995 год, з’яўляецца прыкладам нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці”, — гаворыцца ў петыцыі.
Падпісанты дакумента лічаць, што „забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага націску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі дзейных уладаў. Грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асоб, колераў экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі — гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек”.
Аўтары петыцыі настойваюць на „спыненні пераследу беларусаў за выкарыстанне сімволікі, якая ўяўляе сабой нематэрыяльную культурную каштоўнасць, і прызнанні бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай спадчынай”.
Аляксандр Лукашэнка раней заявіў, што найбліжэйшым часам парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Падчас візіту на „Гомсельмаш” 20 лістапада 2020 года ён назваў бел-чырвона-белы сцяг фашысцкім.