Пра будучыню нацыянальнага сімвала 



Больш за 100 тыс. подпісаў пакінулі беларусы за некалькі сутак супраць ініцыятывы па прызнанні бел-чырвона-белага сцягу экстрэмісцкім сімвалам. Петыцыя ў абарону нацыянальнага сімвала беларусаў стала рэкорднай па колькасці верыфікаваных подпісаў, аформленых паводле патрабаванняў Закона “Аб зваротах грамадзян”. Каардынатары анлайн-платформы petitions.by “Зручны горад” сведчаць, што абсалютная большасць падпісантаў (каля 90%) заходзілі на сайт з Беларусі. Астатнія, відаць, з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі, якія пражываюць у эміграцыі. Так ці інакш, лічба падпісантаў уражвае. Для параўнання: у 2017 годзе супраць адыёзнага Дэкрэту “Аб дармаедах” падпісаліся 30 тысяч чалавек. Таму цяперашні вынік – гэта, безумоўна, вялікі поспех грамадзянскай супольнасці, які абнадзейвае прыхільнікаў пераменаў і з’яўляецца прамым папярэджаннем органам улады пра тое, што перагібаць палку ў пытаннях нацыянальных каштоўнасцей не варта.

Трэба адзначыць, што поспех петыцыі яшчэ больш важны на фоне таго, што асабістыя дадзеныя падпісантаў трапяць у распараджэнне дзяржаўных органаў. Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Міністэрства культуры, Генпракуратуру і Міністэрства ўнутраных справаў. І грамадзяне гэтага не баяцца, нягледзячы на тэрор з боку сілавікоў і запалохванні, якія некалькі месяцаў гучаць з тэлеэкранаў. Можна сказаць, што рэферэндум адносна нацыянальнай сімволікі ў Беларусі адбыўся, прычым уражвальная колькасць падпісантаў сведчыць пра грамадзянскі кансэнсус наконт будучыні дзяржаўных сімвалаў. 100 тыс. верыфікаваных подпісаў у перыяд, калі рэвалюцыя, здаецца, прайграла і ва ўсю шчыруюць рэакцыянеры, – гэта стоп-сігнал для дзяржаўных чыноўнікаў, калі ў іх яшчэ спрацоўвае інстынкт самазахавання. Гэтую лічбу можна смела памножыць на 4 (сярэдняя беларуская сям’я) і дадаць сюды групу падтрымкі колькасцю ў некалькі мільёнаў, якая за апошнія месяцы, пад уздзеяннем падзей успрыняла бел-чырвона-белы сцяг як сімвал дэмакратыі і змагання з дзяржаўнай рэпрэсіўнай машынай.

Кансалідацыі беларусаў вакол нацыянальнага сцяга паспрыялі няўклюдныя дзеянні ўлады, якая пасля “выбараў” абрала курс на гвалтоўнае задушэнне народнага пратэсту і адмовілася ісці на дыялог. Апагеем слепаты і глухаты так званых афіцыйных эліт сталі выпадкі вывешвання дзяржаўных сцягоў на аўтазаках. Той функцыянер, які прыдумаў гэты піар-крок, у будучым абавязкова будзе згаданы ў музеі дзяржаўнасці як чалавек, што зрабіў надзвычайны ўнёсак у папулярызацыю бел-чырвона-белага сцяга. Звычайна на тое, каб грамадзяне дасягнулі згоды адносна нацыянальных сімвалаў патрэбныя дзесяцігоддзі асветніцкай працы. Але ў беларускім выпадку мы маем прыклад паскоранай кансалідацыі вакол сімвалаў, дзякуючы натуральнай абарончай рэакцыі грамадзянаў на беспрэцэдэнтны гвалт з боку дзяржавы, якая дзейнічае пад чырвона-зялёным сцягам.

Зразумела, фенаменальны поспех беларускай грамадзянскай супольнасці прыйшоўся даспадобы не ўсім. Калі з прыхільнікамі ўлады ўсё ясна, то дадатковага тлумачэння вымагае пазіцыя скептыкаў, якія наракаюць на віртуальны характар петыцыі. У дадзены момант, калі няма шматтысячных акцый на вуліцах і плошчах гарадоў, а суды працуюць у рэжыме канвеераў, любое калектыўнае дзеянне становіцца надзвычай важным. Гэта натхняе грамаду на далейшы супраціў і паказвае, як нас шмат. У сваю чаргу, подпісы беларусаў у абарону апальнай сімволікі, якая выклікае скрыгат зубоў у сілавікоў, паказваюць, што мы цвёрда стаім на нагах на сваёй зямлі і перакананыя ў канчатковым выніку супрацьстаяння, чаго не скажаш пра маргінальную меншасць, якая марна спрабуе спыніць хаду гісторыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ