4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму – прысуд мастаку за ўдзел у пратэстах
Суд Ленінскага раёна Менска 5 лютага асудзіў 29-гадовага мастака Аляксандра Нурдзінава на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд Ленінскага раёна Менска 5 лютага асудзіў 29-гадовага мастака Аляксандра Нурдзінава на чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Менчаніна абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 293. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстных акцыях 9-10 жніўня, блакаванні дарог, узвядзенні барыкад і ў тым, што ён „кідаў расліннасць з кветнікаў у супрацоўнікаў органаў унутраных справаў”. Такі прысуд вынесла суддзя Таццяна Шоцік.
У чым абвінавацілі Нурдзінава?
Паводле абвінавачання, Аляксандр Нурдзінаў „вечарам 9 жніўня мінулага года прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, тым, што адбываецца на праспекце Пераможцаў у Менску. Убачыўшы, як праваахоўнікі спыняюць супрацьпраўныя дзеянні іншых грамадзян, ён сарваў расліннасць з кветнікаў і кінуў яе ў супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.
Акрамя гэтага, абвінавачаны разам з неўстаноўленымі асобамі ажыццявіў блакаванне шляхоў транспартных камунікацый шляхам выхаду на праезную частку, што пацягнула парушэнне працы гарадскога пасажырскага транспарту.
На наступны дзень, 10 жніўня, мужчына ўдзельнічаў у масавых беспарадках на скрыжаванні вуліц Сурганава, Куйбышава і Л. Бяды ў Менску. Знаходзячыся ў натоўпе ўдзельнікаў ён кідаў у бок супрацоўнікаў міліцыі розныя прадметы і ўзводзіў барыкады на праезнай частцы, тым самым стварыў перашкоду для супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і аказаў супраціў прадстаўнікам улады”.
У судзе пракурор Святаслаў Вялікі пералічыў дзясяткі маршрутаў, якія вымушана спынілі 9 і 10 жніўня на праспекце Пераможцаў і на вуліцы Сурганава. „Менсктранс” выставіў пазоў за блакаванне працы грамадскага транспарту на суму — амаль 28 тысяч рублёў.
Аляксандр Нурдзінаў у апошнім слове: Чатыры гады я адсяджу, я выйду з паднятымі рукамі, з паднятай галавой і з чыстай душой
У апошнім слове Нурдзінаў яшчэ раз паўтарыў, што выйшаў 9 жніўня за фарбамі. Ён заявіў, што прыйшоў у парк і ўбачыў 100% факт гвалту, што і справакавала яго на далейшы ўдзел. Аляксандр пацвердзіў, што выйшаў на дарогу, якая была перакрытая з чатырох бакоў, на ёй не было ніякіх машын на працягу 10-15 хвілін:
„Я ў той момант думаў: што мне далей рабіць? Альбо схавацца ў кусты і рабіць выгляд, што я тыпу нічога не бачыў і ісці з гэтым далей па жыцці. А вы ведаеце, як гэта прачынацца паўгады і чуць гэты гук, верагодна, выбух? Вы ведаеце?! Вы не ведаеце! А я ведаю! Асабліва, у першы час проста не спіш. Мяне вяла душа. Хочаце верце, а хочаце — не. Чатыры гады я адсяджу, я выйду з паднятымі рукамі, з паднятай галавой і з чыстай душой.
Я прыйшоў на „Рыгу”, ды я згодны, я глядзеў, я казаў, паглядзець у вочы, праверыць, наколькі гэта чыстая праўда, наколькі гэта не хлусня з інтэрнэту або з тэлебачання, як гэта ўсё прадаецца цяпер. Я пайшоў сам для сябе вывучыць, навошта мне слухаць іншага, калі я сам магу ўбачыць. І да 12 гадзін ні адзін чалавек не кінуў камня, проста ішло будаўніцтва барыкад. І я пад дрэвам там побач назіраў з 11 гадзін да 12. Потым я проста перайшоў дарогу на другі бок, пакуль пераходзіў, то зрабіў гэтую гробаную фатаграфію, якую вы мне прад’яўляеце цяпер. Што я цяпер… колькі? Гэта адна секунда, адна секунда… Давайце палічым, дзве хвіліны на дарозе і адна секунда — фатаграфія, вы мне цяпер вешаеце пазоў на 36 тысяч?! Гэта хіба не крадзеж? Гэта супраць мяне цяпер закон парушаецца. І ўсе доказы ёсць.
Паважаная суддзя, памятаеце, вы спыталі, чаму я сказаў, што адразу пабег, а там на відэа было відаць, што не адразу. Памятаеце? Памятаеце. А ёсць яшчэ відэа, дзе відаць, што за маёй спіной каля „Рыгі” ў гэты момант ёсць куча людзей. А ведаеце, як я ўспомніў? Я пазнаёміўся з блогерам, які якраз у гэты час здымаў відэа з рэпартажу, у той момант, калі я ішоў рабіць фальшбрасок. Калі па-сапраўднаму ўзяць і паглядзець відэа, то бачна, што я іду да кучы камянёў, а потым рэзка перадумваю і іду назад, у мяне пустая рука заўсёды была. Другі мах — гэта быў наступны за першым, адпаведна, у мяне не было наогул камянёў. І я кажу, я не памятаю, я казаў у РУУС, што я не памятаю, яны падумалі, што яны праскочаць, у іх праскочыць і праскочыла. У чым я вінаваты? Дзякуй! Я не хачу больш нічога казаць. Глядзіце самі…”
Абвінавачаны не прызнаў віну па арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Па арт. 342 КК прызнаў часткова: ён прызнаў, што кідаў расліны, але не тое, што блакаваў рух транспарту і іншыя дзеянні, якія яму інкрымінуюцца.
Чым усё скончылася?
Дзяржаўны абвінаваўца Святаслаў Вялікі 28 студзеня запрасіў у суда для Аляксандра Нурдзінава 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя суда Таццяна Шоцік 5 лютага прызначыла Нурдзінаву менавіта такое пакаранне. Пазоў „Менсктранса” вырашылі перадаць на разгляд у грамадзянскім судзе.