Сяргей Высоцкі: Захады ўлады ў абарону незалежнасці будзем падтрымліваць



Улады анансавалі 2021 год – годам нацыянальнага адзінства. На пляцоўках, ініцыяваных уладамі, маюць прайсці абмеркаванні стратэгіі развіцця краіны. Усё гэта павінна прайсці па сцэнарах улады. На той жа Усебеларускі нацыянальны сход прызначаны людзі, пераважна, з існуючай палітычнай сістэмы. Ці можа такі падыход паяднаць беларускае грамадства, і на якіх прынцыпах.

Зводдаль назірае за гэтым прадстаўнік патрыятычнай плыні Беларусі – Сяргей Высоцкі, кіраўнік Беларускай партыі Свабода-Самаабарона.

– Натуральна гэтае мерапрыемства выклікае вялікія пытанні адносна яго легітымнасці, канстытуцыйнасці. І разам з тым калі там будуць прымацца захады ў абарону дзяржаўнай незалежнасці, нягледзячы ні на што, мы будзем іх падтрымліваць, калі будуць прынятыя рашэнні ў абарону дзяржаўнай незалежнасці. І зноў жа, рашэнні дэструктыўныя, напрыклад,  як пераслед нацыянальнай сімволікі, гэтаму мы будзем процістаяць. Вось такі ў нас падыход да гэтага мерапрыемства ўладаў.

Тыя адміністрацыйныя і крымінальныя справы, якія цяпер ідуць над мірнымі беларускімі грамадзянамі, спробы прынізіць беларускі сцяг з боку чырвона-зялёных, пераслед журналістаў – ставіць будучыню нацыянальнага адзінства ў тупік, мяркуе палітык.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя