Ягор Герасімаў выбыў у 1/8 фіналу турніру ў Мельбурне



Ягор Герасімаў (78-ы нумар рэйтынгу АТП) выбыў у 1/8 фіналу турніру ў Мельбурне. Беларус саступіў канадцу Феліксу Ожэ-Альясіму (21 АТП) з лікам 3:6, 6:3, 6:7 (6:8).

А вось Вікторыя Азаранка (13-ы нумар рэйтынгу ВТА) выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Мельбурне. У матчы 1/8 фіналу яна перамагла прадстаўніцу Казахстана Юлію Пуцінцаву (28 ВТА) з лікам 6:4, 1:6, 11:9.

„AusOpen”: сталі вядомыя пары, у якіх згуляюць беларусы ў 1/64 фіналу

У Мельбурне прайшло лёсаванне першага „Вялікага шлема” сезона – „Australian Open”. У прыватнасці, сталі вядомыя пары, у якіх згуляюць беларусы і беларускі ў рамках 1/64 фіналу. Ілля Івашка (110 АТП) згуляе з Раманам Сафіўліным (Расея, 182), Ягор Герасімаў (78) пазмагаецца з Бенуа Пэрам (Францыя, 28), Арына Сабаленка (7 ВТА) паспрачаецца з Вікторыей Кужмавай (Славакія, 98), Вікторыя Азаранка (13) згуляе з Джэсікай Пегулай (ЗША, 64), а Аляксандра Сасновіч (90) згуляе з Анэт Кантавейт (Эстонія, 23). Турнір пройдзе ў Мельбурне з 8 па 21 лютага.

Дзмітрый Некрашэвіч працягнуў кантракт з „Іслаччу”

Форвард Дзмітрый Некрашэвіч працягнуў кантракт з „Іслаччу”. Кіраўніцтва каманды з Менскай вобласці прыняло рашэнне падпісаць новы кантракт з 19-гадовым нападнікам. Пагадненне дзейнічае да 14 лютага 2023 года. Некрашэвіч правёў за асноўную каманду „ваўкоў” чатыры матчы ў вышэйшай лізе.

Жаночая зборная Беларусі выйграе групу і выйдзе на ЧЕ-2021, калі не саступіць полькам з розніцай у 29 ачкоў і больш

6 лютага жаночая зборная Беларусі па баскетболе сустрэнецца з камандай Польшчы ў заключным туры кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2021. Перамога над полькамі гарантуе камандзе Наталлі Трафімавай першае месца ў групе і выхад на Еўрабаскет. Страціць верхні радок беларускі змогуць толькі пры паразе з розніцай у 29 ачкоў і больш. У першым матчы кваліфікацыі Беларусь саступіла Польшчы з розніцай у 12 ачкоў – 56:68. У фінальную частку чэмпіянату Еўропы выйдуць пераможцы груп, а таксама пяць лепшых каманд сярод тых, якія занялі другія месцы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя