75-гадоваму актывісту з Наваполацку прысудзілі 10 сутак арышту (абноўлена)



Ветэрана мясцовага дэмакратычнага руху, сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Анатоля Куліка прызналі вінаватым у парушэнні адміністрацыйнага артыкула 23.34 – за  выхады ў горад з бел-чырвона-белым сцягам на плячах і за тое, што ў яго на балконе вісяць белыя і чырвоныя фіранкі. Суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава прысудзіла пенсіянеру, ветэрану працы, былому дэпутату гарадскога савету 10 сутак арышту. Праўда, з адтэрміноўкай: суддзя сказала, што ў Анатоля Куліка ёсць 5 сутак, каб абскардзіць судовую пастанову.

Спадара Анатоля судзілі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах ужо 5-ты раз. Актывіст кажа, што нават звяртаўся ў мясцовы выканкам па афіцыйны адказ, ці можна яму выходзіць у горад на шпацыр і ў якім адзенні гэта рабіць, каб не трапіць пад суд:

– Пасля таго, як першыя затрыманні пачаліся, я напісаў такую заяву. І выканкам даў адказ: няма абмежаванняў. Атрымліваецца, я не парушаю нічога, калі хаджу. І тым больш наконт адзення! Накідка на плечы без рукавоў называецца па-навуковаму “пелярына”. Насіць яе не забаронена – любога фасону, любога колеру, усё на свой густ.

Міліцыянты не пагадзіліся з густам апазіцыянера і датычна фіранак на ягоным балконе. Наяўнасць фіранак белага і чырвонага колеру яны расцанілі як несанкцыянаваны пікет. Суд падтрымаў гэтае абвінавачанне.

Але Анатоль Кулік  – не з тых людзей, каго можна запалохаць несправядлівымі спагнаннямі, нездарма ён дзясяткі гадоў змагаецца за дэмакратычныя пераўтварэнні ў рэгіёне, лічыць яго даўні паплечнік, зямляк з Полацку Мікола Шарах:

 – Я ведаю Анатоля Міхайлавіча як чалавека вельмі прынцыповага. Бо ў цяперашні час хадзіць са сцягам на плячох – гэта хадзіць па чарговы пратакол. Яны гатовыя за гэтыя колеры “вінціць” любога. Але ён прынцыпова гэтага прытрымліваецца, бо гэты сцяг наш, і яго нельга вынішчыць з беларускай гісторыі.

Анатоль Кулік збіраецца аспрэчыць вырак суддзі Зінаіды Балаболавай наконт арышту. Хаця раней Віцебскі абласны суд пакідаў ягоныя скаргі на судовыя пастановы без задавальнення, і пенсіянер мае сплаціць амаль паўтары тысячы рублёў штрафаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

***

Ветэрана мясцовага дэмакратычнага руху, сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Анатоля Куліка прызналі вінаватым у парушэнні адміністрацыйнага артыкула 23.34 – за выхады ў горад з бел-чырвона-белым сцягам на плячах і за тое, што ў яго на балконе вісяць белыя і чырвоныя фіранкі.

Суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава прысудзіла пенсіянеру, ветэрану працы, былому дэпутату гарадскога савету 10 сутак арышту. Праўда, з адтэрміноўкай: суддзя сказала, што ў Анатоля Куліка ёсць 5 сутак, каб абскардзіць судовую пастанову.

Беларускае Радыё Рацыя