Пачалося галасаванне па выбары народных прадстаўнікоў у дыялогу з уладамі



На лічбавай платформе „Сход” увечары 5 лютага пачалося галасаванне па выбары дэлегатаў, якія змогуць прадстаўляць народ у нацыянальным дыялогу з уладамі. Яно будзе доўжыцца да 13 лютага.

У выбарах заяўлена 196 кандыдатаў. Удзельнічаць мог любы грамадзянін. У кандыдаты вылучыліся член асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максім Баграцоў, стваральнік платформы „Голас” Павел Лібер, філосаф Уладзімір Мацкевіч, журналіст Ілья Дабратвор, былы дыпламат Ігар Ляшчэня і інш.

Паводле задумкі праекта, уся краіна разбітая на 328 віртуальных участкаў, якія адпавядаюць яе адміністрацыйнаму дзяленню. Кандыдаты маглі вылучацца ад кожнага ўчастка. У выпадку абрання яны будуць прадстаўляць інтарэсы тых, хто за іх прагаласуе. Для вылучэння трэба было запоўніць анкету і загрузіць відэазварот з выказваннем сваёй пазіцыі па тых ці іншых пытаннях.

Выбаршчыкі могуць галасаваць з дапамогай чат-бота ў Telegram або Viber. Спасылкі на чат-боты размешчаны на сайце платформы. Удзельнічаць у галасаванні могуць толькі выбаршчыкі з беларускімі тэлефоннымі нумарамі.

Вынікі выбараў будуць абвешчаныя 14 лютага, пасля чаго дэлегаты пачнуць працу ў фармаце анлайн-пасяджэнняў. Першапачаткова тэрміны падачы заявак галасавання былі іншымі, абвясціць вынікі планавалася да 3 лютага.

„Сход” распрацавала група айчынных праграмістаў, прадстаўнікоў бізнесу і крэатыўнай індустрыі на валанцёрскіх пачатках. Стваральнікі заяўляюць, што платформа „цалкам незалежная ад любых палітычных штабоў” і адкрытая для беларусаў „з любымі палітычнымі поглядамі”. Паводле іх слоў, перадумовай да стварэння „Сходу” сталі заклікі дзейнай улады вылучаць сваіх прадстаўнікоў для вядзення нацыянальнага дыялогу.

27 жніўня мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлада гатовая весці дыялог, у тым ліку па пытаннях абнаўлення Канстытуцыі, але не з вуліцай. „Калі хто-небудзь хоча дыялогу — калі ласка. Якраз студэнцкія калектывы — гэта тыя калектывы, з якімі я гатовы весці дыялог. Працоўныя калектывы (я ўжо пра гэта казаў). Калі ласка, фармуйце сваіх прадстаўнікоў, і будзем весці дыялог”, — сказаў ён.

11—12 лютага адбудзецца VI Усебеларускі народны сход з удзелам 2.700 дэлегатаў. Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская назвала яго „Усебеларускім наменклатурным сходам”, які не адлюстроўвае думкі грамадзян.

belapan.by