Першы літаратурны альманах Дзятлаўшчыны



Напярэдадні Дня роднай мовы парупілася Дзятлаўская суполка ТБМ, якая выпусціла першы ў гісторыі дзятлаўскай зямлі літаратурны альманах “Ятранка”. Альманах падрыхтаваў і напісаў прадмову да яго сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын.

Мясцовыя творчыя людзі вырашылі назваць выданне “Ятранка”. Ятранка – гэта рака ў Наваградскім і Дзятлаўскім раёнах, правы прыток Моўчадзі. Даўжыня Ятранкі 31 кіламетр. Пачынаецца яна каля вёскі Ярошычы на Наваградчыне, цячэ па паўднёва-заходніх схілах Наваградскага ўзвышша, упадае ў Моўчадзь на поўдні ад Наваельні на Дзятлаўшчыне. Мае Ятранка і свае прытокі – гэта Мутніца і Лапушанка…

Адны назвы рэк і самі рэкі, а таксама прырода вакол іх, не могуць тутэйшых людзей не натхняць на творчасць. Таму пісьменнікі Дзятлаўшчыны хутчэй за ўсё і натхняліся мясцовай прыродай, апісваючы яе прыгажосць. Бо на дзятлаўскай зямлі заўсёды жылі творчыя людзі розных нацыянальнасцей. Стваралі тут паэзію і прозу пісьменнікі на польскай, рускай, украінскай, ідыш, літоўскай мовах. Але найбольш творчым людзям тут добра думалася на роднай мове. Таму з-пад іх пяра, як грыбы ў Ліпічанскай пушчы, з’яўляліся творы па-беларуску.

У літаратурны альманах “Ятранка” ўвайшлі творы аўтараў, якія родам з Дзятлаўшчыны, але даўно пакінулі гэты свет, і тых, хто жыве ў розных кутках свету і Беларусі, але родам з дзятлаўскай зямлі, і, вядома ж, тых, хто сёння жыве і працуе на роднай Дзятлаўшчыне.

Альманах мае тры раздзелы – паэзія, проза і краязнаўства. Творы аўтараў “Ятранкі” розныя па мастацкаму ўзроўню, але яны вельмі разнастайныя, шчырыя, цікавыя. У іх адчуваецца любоў да бацькоўскай зямлі, да матчынай мовы і гісторыі, да сваіх землякоў і іх працы.

Зборнік адкрываецца вершамі Ігната Дварчаніна, які быў родам з вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна. Сярод паэтаў на суд чытачоў вынесены таксама вершы Сяргея Хмары, Язэпа Крыгі, Петруся Граніта, Васіля Струменя, Гарасіма Праменя, Віктара Шымука, Віталя Губарэвіча, Нікіфара Жальбы, Міколы Грышана, Алега Аблажэя, Георгія Шундрыка, Лідзіі Нічыпар, Раісы Лакіза, Міхаіла Лук’янчыка, Алы Нікіпорчык, Алены Абрамчык, Ірыны Касянковай, Веры Хрышчановіч і іншых паэтаў, для якіх дзятлаўская зямля з’яўляецца малой радзімай.

Проза парадуе чытачоў апавяданнямі Вячаслава Адамчыка і Леанарды Юргілевіч.

Вельмі цікавым атрымаўся краязнаўчы раздзел. Артыкулы Валерыя Петрыкевіча, Фёдара Красюка і Дзмітрыя Кузьмы адкрываюць новыя факты з жыцця Канстанціна Астрожскага, Адама Міцкевіча і генерала Яна Канопкі, які ваяваў на баку Напалеона.

Выданне “Ятранкі” – добры дапаможнік культасветработнікам і настаўнікам, а таксама вучням і ўсім тых дзятлаўчанам, хто цікавіцца літаратурай і гісторыяй роднага краю.

“Ятранка” аздоблена творамі беларускага мастака Івана Козела.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя