Зацверджаны дадатковыя меры па развіцці аграэкатурызму



Указам кіраўніка дзяржавы ад 4 лютага 2021 года № 40 зацверджаныя дадатковыя меры па развіцці ў краіне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У ліку новаўвядзенняў працяг да 2025 года існуючых умоў вядзення гаспадарчай дзейнасці ў сферы аграэкатурызму: выдзяленне ААТ „Белаграпрамбанк” крэдытаў у суме да 2.000 базавых велічынь (у разліку на аднаго суб’екта аграэкатурызму за ўвесь перыяд крэдытавання) на тэрмін да пяці гадоў (фізічным асобам — да сямі гадоў) у беларускіх рублях пад 5% гадавых.

Уладальнікі бізнесу таксама атрымалі права аказваць паслугі на тэрыторыі дзвюх аграэкасядзібаў.

Удакладнены парадак спынення такой дзейнасці і давання справаздачнасці, а таксама парадак выплаты збору за ажыццяўленне дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму.

Указ набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2021 года.

За 14 гадоў колькасць аб’ектаў аграэкатурызму вырасла ў Беларусі ў 80 разоў — з 34 да амаль 3 тыс. У 2020 годзе яны прынялі больш за паўмільёна гасцей.

Урад выступаў за працяг дзейных умоў для аграэкасядзібаў і захаванне льготнага крэдытавання да 2030 года. 

belapan.by

Фота director.by