Беларусы замежжа прэзентавалі Дэкларацыю салідарнасці



Дэкларацыя салідарнасці прэзентаваная на анлайн-канферэнцыі, арганізаванай супольнасцю „Беларусы замежжа”. Удзельнікаў віталі экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская і шэраг палітыкаў Еўразвяза.

„Паўгода таму беларусы прагаласавалі за перамены. Былы прэзідэнт прайграў, але адмовіўся прыняць выбар народа і пачаў супраць яго тэрор. Гэта значыць, ён прайграў канчаткова: беларусы ніколі не прызнаюць уладу, якая выкарыстоўвае гвалт і тэрор”, — заявіла Ціханоўская.

На яе думку, беларусы даказалі, што могуць самі вызначаць свой лёс. Ціханоўская заклікала падтрымаць тых, хто цяпер асабліва пакутуе ад рэпрэсій: рабочых, якія ўдзельнічаюць у забастоўках, урачоў, кнігавыдаўцоў, палітычных зняволеных, незалежных журналістаў, праваабаронцаў. Палітык заявіла пра неабходнасць санкцый у дачыненні да тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі і фальсіфікацыю выбараў.

„Гэтым летам наш народ убачыў сваю сілу і паверыў у сябе. Зараз ён праходзіць цяжкае, але неабходнае выпрабаванне. Беларусы пішуць сваю гісторыю, часам слязьмі і крывёю. Але гэта наша гісторыя, і мы пішам яе самі. Я ўпэўненая, што гэта гісторыя перамогі”, — заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты.

Кожны дзень у еўрапейскай краіне Беларусі павялічваецца колькасць палітвязняў, умовы ўтрымання ў ізалятарах з’яўляюцца катаваннямі, сказаў экс-дыпламат, кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

„Мы чытаем навіны з Беларусі як ваенныя зводкі, — сказаў ён. — І мы гаворым не пра серыйных маньякаў. Гэта адбываецца з людзьмі, якія адстойваюць сваё базавае права — права на свабоду”.

Пры гэтым, паводле слоў Латушкі, беспакараным застаецца бізнес, які называюць „кашалькамі рэжыму”, і чыноўнікі, якія ўзмацняюць рэпрэсіі. „Неабходна ўводзіць рэальныя жорсткія персанальныя санкцыі”, — заявіў Латушка і падкрэсліў, што ў цэнтры Еўропы будуюць канцлагер.

Палітык заклікаў пазбягаць любой легітымізацыі рэжыму, а таксама заклікаў да яго палітычнай ізаляцыі і салідарнасці з беларусамі.

„Свабода — гэта не проста словы, а штодзённая цяжкая бітва. Мы падтрымалі смелую барацьбу беларусаў, якія выступаюць у падтрымку сваіх правоў для таго, каб вызначыць лёс сваёй Радзімы, і ў якіх тры простыя патрабаванні: свабодныя выбары, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў”, — заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шымоніце.

Еўрасаюз лічыць беларускіх грамадзян часткай еўрапейскай супольнасці, адзначыў дэпутат Еўрапарламента ад Аўстрыі Лукас Мандль. Ён падкрэсліў, што грамадзяне патрабуюць свабодных і сумленных выбараў у самыя кароткія тэрміны, вызвалення палітвязняў, якіх не можа быць у сучаснай Еўропе.

Расея — гэта не толькі Крэмль, не толькі Уладзімір Пуцін, але яшчэ і мільёны грамадзян, якія змагаюцца за свабоду сваёй краіны, заявіў апазіцыйны расійскі палітык Уладзімір Рыжкоў. „Я веру, што гістарычнае развіццё непазбежна прывядзе да дэмакратычных змен і ў Расеі, і ў Беларусі — дзве нашы краіны вернуцца на еўрапейскі шлях развіцця”, — сказаў ён.

На завяршэнне канферэнцыі была прэзентаваная Дэкларацыя салідарнасці.

„Мы захапляемся людзьмі ў Беларусі, якія поўныя рашучасці мірна адстойваць свае правы, выступаюць супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, супраць гвалту і рэпрэсій. Мы асабліва цэнім актыўны ўдзел беларускіх жанчын, агульную ўстойлівасць народа Беларусі, яго прыхільнасць правам чалавека, дэмакратыі і вяршэнству закона”, — сказана ў дэкларацыі.

Аўтары дакумента асуджаюць рэпрэсіі з боку сілавікоў. Яны заклікаюць да вызвалення палітычных зняволеных і затрыманых па палітычных матывах, спынення гвалту і пераследу мірных дэманстрантаў, дыялогу для перамоў аб мірнай перадачы ўлады і выхаду з крызісу пры пасрэдніцтве АБСЕ, адрасных санкцый, міжнароднага расследавання парушэнняў правоў чалавека і аднаўлення асноўных правоў і свабод у краіне, эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.

belapan.by