Як вывешвалі рэвалюцыйныя транспаранты



Публіцыст Якуб Місько згадваў, як падчас вучобы ў Віленскай Беларускай гімназіі яны з паэтам Валянцінам Таўлаем да іншымі вучнямі з дапамогай адмысловых прыстасаванняў вывешвалі рэвалюцыйныя лозунгі напярэдадні Першамая ў Вільні за Зялёным мостам, дзе жылі рабочыя шклозавода:

„Ноч была цёмная. Толькі там сям паблісквалі электрычныя правады. Мы якое паўгадзіны хадзілі па вуліцы – двух па адным баку і двух па другім. Трэба было, па-першае, пераканацца, ці не прывялі за сабой хваста, і, па-другое, выбраць найбольш зручнае і не вельмі цёмнае месца для работы. (…) Размеркавалі абавязкі, двух павінны вешаць сцяг, а двух воддаль стаяць на варце: адзін ад Зялёнага моста, а другі – ад Кальварыі. У выпадку небяспекі вартавыя падаюць сігнал моцным чыханнем. Толькі ўзяліся за справу, як з боку Зялёнага моста паказаўся конны абоз з бочкамі. Гэта ехалі „залатары”. З цэнтра горада яны везлі „золата”, пакідаючы за сабой такую „духмянасць”, што хоць ты нос затыкай. Давялося чакаць, пакуль пройдзе гэты „залаты абоз”. Транспарант вывешваўся з дапамогай доўгага шнура, на канец якога прывязваўся каменьчык альбо цаглінка. Моцным узмахам цаглінка перакідвалася цераз дрот і так, каб з зямлі яе можнае было схапіць рукой. За канец шнура транспарант падцягваўся ўгару і з дапамогай адмысловых металічных „аўтаматаў” – зашчэпак прышпільваўся за дрот. Прышпільваўся так, што пасля зняць яго было не так проста. Усё мы зрабілі за пяць мінут. Каменьчык удалося адразу перакінуь цераз дрот, і чырвоны транспарант з рэвалюцыйным заклікам паплыў у гару. Ціха шчоўкнулі аўтаматы. Мы тузанулі шнур – парадак. Транспарант вісеў. Глядзіце добрыя людзі, чытайце!”.

Перакладчык Сяргей Шупа каментуе: „Тое самае Шэрман расказваў пра сваю камуністычную маладосьць у Буэнас Айрэсе. Аўтаматы называюцца карабінчыкамі”.

Успаміны Якуба Місько пра Вільню ўпершыню былі надрукаваныя ў часопісе „Маладосць” 1980, 9. І ў кнізе „Валянцін Таўлай”, выданне Беларускага Кнігазбору 2014 год.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ