У Чэхіі пададзеная першая заява на беларускіх сілавікоў



У межах універсальнай юрысдыкцыі ў Чэхіі пададзеная першая заява на беларускіх сілавікоў, паведаміў кабінет прадстаўнікоў экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

„Падазраваным з’яўляецца начальнік гарадзенскага АМАПа Віктар Краўцэвіч. Для падачы заявы выбралі 7 лютага, паколькі менавіта сёння ўвесь свет удзельнічае ў міжнародным Дні салідарнасці з Беларуссю”, — адзначаецца ў прэс-рэлізе кабінета.

Дарадца Ціханоўскай былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета Беларусі Аляксандр Дабравольскі „падзякаваў Чэхіі за тое, што ўлады прынялі і арганізавалі лячэнне пацярпелых беларусаў”, а зараз „паспрабуюць аднавіць справядлівасць”. „Гэтыя грамадзяне, якія б’юць і катуюць мірных людзей, лічаць сябе героямі. Хутка іх „геройства” будзе ацэненае як след у межах універсальнай юрысдыкцыі. Яны з’явяцца ў спісах Інтэрпола і не змогуць адтуль знікнуць, таму што катаванні — гэта цяжкае злачынства ва ўсіх краінах свету”, — падкрэсліў Дабравольскі.

Паводле інфармацыі кабінета прадстаўнікоў, цяпер у Чэхіі рыхтуецца да падачы больш за 10 заяў, яшчэ 10 — у Польшчы. У Літве падалі дакументы чатыры чалавекі, рыхтуецца яшчэ 10 заяў. Акрамя таго, літоўская Генпракуратура ўжо распачала крымінальную справу па ўніверсальнай юрысдыкцыі па факце збіцця Максіма Харошына.

belapan.by