Святлана Ціханоўская праінфармавала прадстаўнікоў АБСЕ пра сітуацыю ў Беларусі
Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская правяла 7 лютага анлайн-сустрэчу з прадстаўнікамі АБСЕ, паведамляе яе тэлеграм-канал.
У сустрэчы ўзялі ўдзел спецыяльны прадстаўнік Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Усходняй Еўропе Даніэла дэ Рыдэр і генеральны сакратар ПА АБСЕ Раберта Мантэла.
Ціханоўская падчас сустрэчы распавяла пра „жудасныя ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах” і заклікала АБСЕ „зрабіць захады”, паведамляе яе прэс-служба. У адказ Даніэла дэ Рыдэр заявіла, што сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца прыярытэтным пытаннем. Яна паведаміла, што плануе шэраг сустрэч з беларусамі, уключаючы кіраўніка беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЕ Андрэя Савіных.
Таксама Ціханоўская патлумачыла, чым на самай справе з’яўляецца Усебеларускі народны сход (УНС), які запланаваны на 11—12 лютага ў Менску. „Гэта не што іншае, як збор наменклатуры Лукашэнкі. Чарговае падабенства фальшывай інаўгурацыі. Ён робіць гэта для сябе, а не для людзей”, — адзначыла экс-кандыдат.
Таксама яна праінфармавала прадстаўнікоў АБСЕ пра суды ў Беларусі, якія прыгаворваюць удзельнікаў мірных пратэстаў да гадоў зняволення. Паводле слоў Ціханоўскай, суддзі „не слухаюць аргументаў, у краіне не дзейнічае закон”. Яна нагадала, што 9 лютага адбудзецца суд над журналісткамі Дар’яй Чульцовой і Кацярынай Андрэевай, таму АБСЕ трэба „больш актыўна шукаць магчымасці для перамоваў — бо кожны дзень працы рэжыму нясе новыя ахвяры”.
„Беларусы не здаліся і не здадуцца. Прага волі нікуды не знікла”, — заявіла Ціханоўская ў канцы сустрэчы.
7 лютага ў многіх краінах адбыўся дзень салідарнасці з Беларуссю, ініцыяваны Святланай Ціханоўскай. Па ўсім свеце праведзена больш за 60 розных акцый салідарнасці. Іх мэта — падтрымаць палітвязняў, колькасць якіх у Беларусі дасягнула 228, а таксама ўсіх, хто трапіў пад рэпрэсіі. Удзельнікі акцый таксама патрабуюць спыніць суды і гвалт супраць беларусаў, якія выступаюць за перамены ў сваёй краіне.