Вітольд Ашурак: Упэўнены, што цягам 2021 года я апынуся на волі
Палітзняволены Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідскім раённым судзе асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, у чарговым лісце да сяброў піша, як успрымае свой прысуд і каму выгадна зацягваць час перамен у Беларусі.
Ліст друкуе «Новы час». Прысуд 5 гадоў зняволення не стаў для яго нечаканым, піша Вітольд, «таму што мы добра ведаем нашых ворагаў. Ім не патрэбна мець грамадзянскую супольнасць у краіне — занадта шмат клопату і заўжды ёсць рызыка страціць стратэгічную ініцыятыву». Аднак, зазначае Вітольд, яны яе ўжо страцілі. Вітольд Ашурак упэўнены, што цягам 2021 года ён апынецца на волі.
«Што тычыцца мяне, то тэрмін у 5 год я ўспрымаю як адзнаку «выдатна» за тое, што меў гонар падняць паходню паўстання супраць дыктатуры сярод самых лепшых людзей Ліды! Сапраўды, для мяне гэта гонар!» Лісты Вітольду Ашурку можна дасылаць на адрас: турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.