Беларусь і Расея падпісалі балансы паставак харчавання на 2021 год



Беларусь і Расея падпісалі балансы паставак харчавання на 2021 год, паведаміў 8 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў.

„Мы штогод падпісваем балансы ўзаемных паставак, якія з’яўляюцца індыкатарамі і паказваюць, колькі адна з краін можа пастаўляць харчавання ў іншую краіну, каб бачыць карціну, каб органы дзяржкіравання маглі планаваць пакупкі, рынкі, адкуль будзе завозіцца прадукцыя найбліжэйшых партнёраў. У тым ліку інвестыцыі разлічваць, куды ўкладваць, дзе яшчэ не вельмі развітыя ўзаемныя пастаўкі”, — растлумачыў Багданаў.

Ён нагадаў, што летась таксама былі запланаваныя аб’ёмы ўзаемных паставак малака, мяса і цукру. „Мы іх амаль цалкам выканалі. Па некаторых таварных групах адзначалася зніжэнне, па некаторых — прырост. Усё залежала ад кан’юнктуры рынку. Балансы падпісаныя на 2021 год. Яны практычна захаваліся на ўзроўні 2020 года, таму што складана было планаваць на гэты год, 2020 год быў нестандартным, пандэмічным, і скажальныя фактары ўплывалі на ўзаемны гандаль, таму было прынятае ўніверсальнае рашэнне захаваць аб’ём”, — растлумачыў чыноўнік.

Паводле яго інфармацыі, доля Расейскай Федэрацыі ў экспарце беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў 2020 годзе склала 74,4%, знізіўшыся ў параўнанні з 2019-м на 5,3 працэнтнага пункта. Экспарт склаўся на ўзроўні 4,3 млрд даляраў ЗША, што на 2,6% менш, чым у 2019 годзе.

„Мы павінны захаваць дасягненні на традыцыйных рынках збыту — Расеі, ЕАЭС, СНД і актыўна заваёўваць іншыя краіны свету, нарастаючы ў аб’ёмах і пашыраючы асартымент прадукцыі, якая пастаўляецца. Таму мы пераразмяркоўваем патокі і з расейскага рынку. Гэта заканамерна, бо РФ актыўным чынам укладвае ў развіццё ўласнага аграрнага бізнесу, і каб не цясніцца на агульным рынку, мы загадзя глядзім наперад і частку харчавання з пэўнай выгадай адпраўляем на рынкі іншых дзяржаў”, — адзначыў Багданаў.

belapan.by