Аштрафаваную на 1450 рублёў віцяблянку Ніну Скрыпец яшчэ й звальняюць з працы



Маці 2-х дзяцей засталася без працы, бо яе пасаду інжынера на віцебскім прадпрыемстве “Візас” раптоўна скарацілі  – якраз пасля суду, дзе жанчыну  прызналі вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.

Ніна Скрыпец была асуджана па “справе 13-ці”: так у віцебскім дэмакратычным асяродку называюць скандальную справу, распачатую супраць 13-ці чалавек за акцыю, якой насамрэч не было. Адразу пасля затрымання  27-га студзеня ў міліцыі і прагучалі пагрозы наконт звальнення, распавяла спадарыня Ніна:

– Вось мяне моцна “прэсавалі” – што і дзяцей адбяруць, і з працы звольняць, і з жытла выселяць, а я ў інтэрнаце жыву… Быў  “злы паліцэйскі”, ён казаў, што мне дзяржава дала інтэрнат, а ён забярэ, і мяне ў турму пасадзіць… Дэманстратыўна  дастаў нататнік, запісаў мае дадзеныя і сказаў: “Я цябе паставіў на распрацоўку”.

13 чалавек, затрыманых 27-га  і 28-га студзеня, суд прызнаў вінаватымі выключна на падставе сведчанняў міліцыянтаў, якія нібыта бачылі несанкцыянаваны пікет з бел-чырвона-белымі сцягамі. Насамрэч нічога такога не было, цвердзілі ўсе падсудныя. Але суддзя Першамайскага райсуду Вераніка Барысава аштрафавала 4-х жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, на 50 базавых велічынь, а ўсім астатнім прысудзіла па 15 сутак. Яны маюць выйсці з-пад арышту  толькі на наступным тыдні. Тым часам чатырох жанчын, якія засталіся на волі, зноўку выклікалі ў міліцыю: следчых цікавіла, што вядома пра фонды, якія дапамагаюць сплаціць штрафы, і хто з’яўляецца арганізатарам “партызанскіх” акцый з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск